Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Бэнэдыкт XVI абвясціў новых святых |
Святы Айцец |
15.10.2008 15:18 |
12 кастрычніка 2008 г. Святы Айцец Бэнэдыкт XVI на плошчы Святога Пятра ўзначаліў урачыстую кананізацыйную святую Імшу, падчас якой да ліку святых былі далучаны сястра Альфонса ад Беззаганнага Зачацця з Кангрэгацыі трэцяга францішканскага ордэну свецкіх, якая паходзіць з Індыі, заснавальнік Кангрэгацыі Місіянераў Найсвяцейшых Сэрцаў Езуса і Марыі італьянскі святар Гаэтано Эррыко, швейцарская місіянерка, панна і заснавальніца Кангрэгацыі Сясцёр Францішканак Місіянерак Марыі Успамогі Хрысціянаў Марыя Бернарда Бютлер, а таксама с. Нарчыса ад Езуса з Эквадора. Гаэтано Эррыко нарадзіўся ў 1791 г. недалёка ад Неапаля, памёр там жа ў 1860 г. ва ўзросце 69 гадоў. Цалкам прысвяціў сябе служэнню ўсім тым, хто спазнае матэрыяльную і маральную галечу. Ён наведваў невылечна хворых, вязняў. Спавядаў удзень і ўначы, ажно да самай смерці. За духоўнай парадай да яго звярталіся як біскупы і нават сам кароль Неапаля, так і бедныя людзі. Дзеля служэння міласэрнасці кс. Гаэтано Эррыко заснаваў Кангрэгацыю Місіянераў Найсвяцейшых Сэрцаў Езуса і Марыі. Быў беатыфікаваны ў 2002 г. Святым Айцом Янам Паўлам ІІ. Вэрэна Бютлер нарадзілася ў 1848 г. у швейцарскай сям’і, але місіянерскае пакліканне прывяло яе ў Лацінскую Амерыку. У Швейцарыі яна ўступіла ў кляштар францішканак, дзе прыняла імя Марыя Бэрнарда. З групай сясцёр накіравалася ў Эквадор (Паўднёвая Амерыка), дзе заснавала Кангрэгацыю Сясцёр Францішканак Місіянерак Марыі Успамогі Хрысціянаў. Харызматам кангрэгацыі з’яўляецца пашырэнне Божага Валадарства праз міласэрныя ўчынкі. У часы пераследу Касцёла с. Марыя Бэрнарда была вымушана пераехаць у Калумбію, дзе працавала на працягу 29 гадоў. У 1995 г. была беатыфікавана Янам Паўлам ІІ. Першаю ў гісторыі святою з Індыі стала с. Альфонса ад Беззаганнага Зачацця (свецкае імя — Анна). Нарадзілася ў 1910 г. у штаце Кераль. Рана засталася сіратою, выхоўвалася пад апекай родных, якія хацелі выдаць яе замуж. Яна ж па прыкладзе св. Тэрэзы ад Дзіцятка Езуса ва ўзросце 18 гадоў уступіла ў Кангрэгацыю трэцяга францішканскага ордэну свецкіх. Там атрымала імя — сястра Альфонса ад Беззаганага Зачацця. Нягледзячы на слабы стан здароўя, яна заставалася вернаю свайму пакліканню, ахвяруючы ўсе свае цярпенні Богу. Памерла ў 1946 г., маючы няпоўных 36 гадоў. Святы Айцец Ян Павел ІІ падчас свайго падарожжа ў Індыю ў 1986 г. абвясціў яе першаю благаслаўлёнаю ў Індыі. Нарчыса Марцілло Моран нарадзілася ў 1833 г. у Эквадоры (Паўднёвая Амерыка). Калі яшчэ не ўступала ў кляштар, вяла жыццё на ўзор законніц — малілася і прыносіла ў ахвяру за навяртанне грэшнікаў свае цярпенні. Працавала швачкаю, праводзіла ўрокі па рэлігіі для дзяцей. Затым пасялілася ў кляштары дамініканак трэцяга ордэну свецкіх у Ліме (Перу). Склала прыватныя шлюбы чыстасці, убоства і паслухмянасці. Памерла ў Ліме ў 1869 г. ва ўзросце 37 гадоў. Беатыфікавана ў 1992 г. Янам Паўлам ІІ. |
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.