Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Бэнэдыкт XVI пра фільм «Сведчанне»
Святы Айцец
17.10.2008 16:00

Пасля прагляду фільма «Сведчанне» (па матывах аднайменнай кнігі кардынала Станіслава Дзівіша) Святы Айцец Бэнэдыкт XVI прыгадаў вечар 1978 г. Менавіта ў гэты час новаабраны Папа звярнуўся да вернікаў, сабраных на плошчы Святога Пятра. Бэнэдыкт XVI прыгадаў таксама яго словы, прамоўленыя 22 кастрычніка 1978 г. на ўрачыстае распачацце Пантыфікату.

«Можна сказаць, што Пантыфікат Яна Паўла ІІ быў заключаны паміж двума заклікамі, — сказаў Святы Айцец. Першы — „Адчыніце дзверы Хрысту! Не бойцеся!“ — быў гучным і пакінуў вялікае ўражанне, ускалыхнуў грамадскую думку. У наступныя гады заклік гэты таксама шматразова з’яўляўся на яго вуснах. Другі — „Дазвольце мне адысці да Пана“ — Папа слабым голасам вымавіў на смяротным ложы, пад канец доўгага і плённага пілігрымавання. Першае выслоўе пачулі многія, другое — толькі самыя блізкія. Сярод іх — быў яго верны сакратар ксёндз Станіслаў Дзівіш, сёння арцыбіскуп, Мітрапаліт Кракаўскі. У кнізе „Сведчанне“, якая была экранізавана, ён пажадаў распавесці пра сваё сяброўства з Вялікім Папам у Кракаве і Рыме. Адлюстроўваючы невядомыя падзеі, фільм дазваляе зразумець прастату чалавека, а ўрэшце — цярпенне, якое папа Вайтыла пераносіў да канца з вытрымкай горца і цярпялівасцю пакорнага слугі Евангелля», — адзначыў Святы Айцец.

Бэнэдыкт XVI звярнуў увагу на пазнавальную вартасць стужкі. На яго думку «гэта ўзрушальная кінематаграфічная аповесць далучаецца да выдатных публікацый аб гэтым Папе, які пакінуў значны след у гісторыі Касцёла і света канца XX стагоддзя і пачатку трэцяга тысячагоддзя».

Паводле матэрыялаў Радыё Ватыкана

 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.