Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Выстава «Пій XII — чалавек і Пантыфікат»
Святы Айцец
04.11.2008 18:09
«Пій XII — чалавек і Пантыфікат» — такую назву мае выстава, прымеркаваная да 50-годдзя з дня смерці гэтага Пантыфіка. Яе арганізатарам з’яўляецца Папскі камітэт гістарычных навук. 3 кастрычніка 2008 г. адбылася канферэнцыя, прысвечаная яе прызентацыі. Інаугурацыя выставы з удзелам Дзяржаўнага сакратара Яго Cвятасці Папы Бэнэдыкта XVI кардынала Тарчызіо Бэртонэ адбудзецца 4 лістапада 2008 г.

На выставе можна будзе ўбачыць багатую дакументацыю Эўгеніо Пачэллі (будучага Папы Пія XII): у сувязі з яго дыпламатычнай дзейнасцю шмат матэрыялаў было даслана з апостальскіх нунцыятур. Прадэманстраваны ўклад Папы і ў падрыхтоўку важных дакументаў Пія XI, такіх як энцыкліка «Mit brennender Sorge» («З гарачым клопатам»), у якой асуджаецца гітлерызм і ўказваецца на гуманістычныя ініцыятывы Апостальскай Сталіцы падчас Другой сусветнай вайны.

Мастацкая частка выставы «Пій XII — чалавек і Пантыфікат» ахоплівае 10 карцін, якімі Пантыфік паклаў пачатак калекцыі сучаснага мастацтва ў Ватыканскіх музеях. Знаходзяцца там таксама і дары, ахвяраваныя Святому Айцу Пію XII.

Кіраўнік Папскага камітэту гістарычных навук кс. прэлат Вальтэр Брандмюллер падкрэсліў, што маладое пакаленне мала ведае пра «доўгі і плённы Пантыфікат Пія XII, асабліва ў святле некаторых ганебных інтэрпрэтацый яго дзейнасці, якая была зразумелай, але прыпала на трагічную эпоху».

Вядомы даследчык Андрэа Тарнэллі прывёў некаторыя цікавыя гісторыі з жыцця Пія XII:  Святы Айцец заўсёды рабіў заметкі на ўжыванай паперы, асабіста гасіў святло на заканчэнне аўдыенцыі, насіў адзенне — пакуль не зносіцца, не ўключаў абагравальнік і не піў кавы ў знак салідарнасці з суайчыннікамі падчас вайны.

Паводле матэрыялаў інфармацыйных агенцтваў

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.