Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Ватыкан: адкрыццё каталіцка-ісламскага форума |
Святы Айцец |
04.11.2008 19:24 |
Па 24 вучоных каталіцкага і ісламскага веравызнання прымаюць удзел у першай сустрэчы ў межах каталіцка-ісламскага форума, які ў гэтыя дні адбудзецца за зачыненымі дзвярыма ў Ватыкане. Тэма форума — «Любоў Бога, любоў чалавека». У першы дзень удзельнікі пасяджэння будуць абмяркоўваць «тэалагічныя і духоўныя асновы» дыялогу, тэмаю наступнага дня стане «годнасць чалавека і ўзаемная павага». 6 лістапада 2008 г. удзельнікаў форума прыме на аўдыенцыі Святы Айцец Бэнэдыкт XVI, пасля чаго адбудзецца адкрытае пасяджэнне ў Папскім грыгарыянскім універсітэце ў Рыме. Штуршком для распачацця каталіцка-мусульманскага дыялогу стала «лекцыя ў Рэгенсбургу» Бэнэдыкта XVI, прысвечаная адносінам паміж верай і розумам, з якой Папа выступіў 12 верасня 2006 г. Падчас свайго выступлення Пантыфік працытаваў крытыку ў адрас прарока Магамета з боку візантыйскага імператара Мануэля ІІ Палеолага, а таксама ўказаў на розніцу ў разуменні Бога ў хрысціянстве і ісламе. Выбраная Святым Айцом цытата выклікала абурэнне з боку вызнаўцаў іслама. Аднак ужо 25 верасня таго ж года падчас сустрэчы з пасламі з ісламскіх краінаў Бэнэдыкт XVI выказаў глыбокую пашану ў адносінах да мусульманаў. У хуткім часе пасля сустрэчы мусульманскіх тэолагаў і юрыстаў у адрас Пантыфіка быў скіраваны ліст, у якім аўтары выказваліся за «сапраўдны дыялог» паміж хрысціянамі і мусульманамі. 30 кастрычніка 2007 г. 138 мусульманскіх тэолагаў скіравалі чарговы ліст пад тытулам «Супольнае слова паміж намі і вамі». У дакуменце было прапанавана, каб дыялог хрысціянаў і мусульманаў адбываўся на аснове двух фундаментальных запаведзяў: любові да Бога і бліжняга. У лісце было шмат цытат са Старога і Новага Запаветаў. Гэты дакумент атрымалі 27 іерархаў хрысціянства, у тым ліку Бэнэдыкт XVI, Патрыярх Канстанцінопальскі Барталамей І, Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Алексій ІІ, іерархі ўсіх аўтакефальных Праваслаўных Цэркваў, старшыня Сусветнай Лютэранскай Федэрацыі і інш. Ад імя Пантыфіка на дасланы ліст адказаў Дзяржаўны сакратар Яго Святасці папы Бэнэдыкта XVI кардынал Тарчызіо Бэртонэ, у якім падтрымаў гэтую ініцыятыву і запрасіў у Ватыкан дэлегацыю, у якую ўвайшлі тыя асобы, якія падпісаліся пад скіраваным да Святога Айца дакументам. «Не ігнаруючы і не памяншаючы розніцы паміж намі — хрысціянамі і мусульманамі — мы можам і павінны глядзець на тое, што нас аб’ядноўвае, а менавіта — на веру ў адзінага Бога, прадбачлівага Стварыцеля і паўсюднага Суддзю», — падкрэсліў у лісце кардынал Тарчызіо Бэртонэ. |
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.