Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Тэорыі эвалюцыі і стварэння свету не з’яўляюцца несумяшчальнымі
Святы Айцец
06.11.2008 17:50
З 31 кастрычніка па 4 лістапада 2008 г. у Ватыкане адбывалася пленарнае пасяджэнне Папскай Акадэміі навук, прысвечанае тэме «Навуковы падыход да эвалюцыі сусвету і жыцця». Святы Айцец Бэнэдыкт XVI падкрэсліў, што сусвет зусім не з’яўляецца хаатычнай сістэмай, што яна ўпарадкаваная, і чалавек можа адчуць у ёй, таксама і з дапамогай навукі, прысутнасць Творцы.

Арцыбіскуп Венскі Крыстаф Шонбарн прыгадаў некаторыя папярэднія выказванні Бэнэдыкта XVI. Ён нагадаў аб тым, што тэма ўзаемаадносін сатварэння і эвалюцыі заўсёды прысутнічала ў думцы Святога Айца, які перасцярагае ад рацыяналізму, які можа звярнуць чалавека выключна да яго біялагічнага вымярэння. Арцыбіскуп прывёў цытаты з некаторых выказванняў кардынала Ёзафа Ратцынгера, які паказваў, што не існуе супрацьпастаўлення паміж тэорыямі эвалюцыі і стварэння, канфлікт мае месца выключна паміж двума рознымі ўяўленнямі пра чалавека і яго рацыянальнасць.

Яшчэ ў чэрвені 2007 г. Бэнэдыкт XVI падкрэсліў, што супрацьпастаўляць эвалюцыю і Сатварэнне «абсурдна». З аднаго боку, як тлумачыў Пантыфік, «існуе шмат навуковых доказаў на карысць эвалюцыі», з другога — гэта тэорыя не адказвае на вечнае філасофскае пытанне: «Адкуль усё паходзіць? І як гэта „ўсё“ праходзіць шлях , які ў выніку прыводзіць да чалавека?»

« І тады, — сцвярджаў Пантыфік, — самым галоўным пытаннем становіцца асведамленне таго, што ёсць пэўныя ідэя і сэнс, якія папярэднічаюць нам. І мы „запланаваныя “ і „жаданыя “, а не з’яўляемся вынікам хаосу. Гэта значыць, што вялікая місія заключаецца ў тым, каб адкрыць гэты сэнс, жыць ім і ўнесці такім чынам новы элемент ў вялікую касмічную гармонію, задуманую Творцам».

Паводле матэрыялаў інфармацыйных агенцтваў

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.