Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Бэнэдыкт XVI заахвочвае да глыбокай салідарнасці з габрэямі
Святы Айцец
10.11.2008 20:55
9 лістапада 2008 г. у Ватыкане Святы Айцец Бэнэдыкт XVI падчас малітвы «Анёл Панскі» ўзгадаў трагедыю так званай хрустальнай ночы (з ням. Kristallnacht), 70-я гадавіна якой прыпадала на гэты дзень. З 9 на 10 лістапада 1938 г. адбылася першая масавая акцыя фізічнага насілля ў адносінах да габрэяў на тэрыторыі фашысцкай Германіі.

У выніку падбухторвання і пры падтрымцы нацысцкіх уладаў у дзесятках гарадоў Германіі і Аўстрыі за адну ноч (у асноўным — гітлераўскай моладдзю) быў забіты 91 габрэй, сотні габрэяў былі паранены і пакалечаны, тысячы зведалі прыніжэнне, каля 3,5 тысяч арыштаваны і накіраваны ў канцэнтрацыйныя лагеры. У гэтую ж ноч былі спалены або разгромлены 267 сінагог, 7,5 тысяч гандлёвых і камерцыйных прадпрыемстваў, сотні жылых дамоў габрэяў. Нацысцкія ўлады дзеля таго, каб паменшыць значэнне таго, што адбылося, назвалі гэты акт вандалізму «Хрустальная ноч». Гэтая назва зводзіла вынікі пагромаў толькі да разбітых вітрынаў і акон габрэйскіх крамаў, культавых будынкаў і жылля.

«Па сённяшні дзень я адчуваю боль з-за таго, што тады адбылося, — сказаў Пантыфік. — Памяць пра гэтыя падзеі павінна спрыяць таму, каб падобны жах ніколі ўжо не паўтарыўся. Яна павінна схіліць да супраціўлення ўсялікім формам антысемітызму і дыскрымінацыі на ўсіх узроўнях».

Бэнэдыкт XVI адзначыў, што гаворка ідзе перш за ўсё пра выхаванне ў маладых пакаленняў павагі і ўзаемнай адкрытасці. Святы Айцец заахвоціў таксама да малітвы за тагачасных ахвяраў, а таксама да глыбокай салідарнасці з габрэйскім народам.

Паводле матэрыялаў Ватыканскага радыё

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.