Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Ватыкан: пратэст супраць эксперыментаў на чалавечых эмбрыёнах
Святы Айцец
12.11.2008 18:59
«Апостальская Сталіца выказалася супраць забівання чалавечых эмбрыёнаў у эксперыментальных мэтах», — паведаміў кардынал Хав’ер Ласано Барраган. Старшыня Папскай рады пастырства работнікаў сферы аховы здароўя прадставіў праграму Міжнароднага кангрэса, прысвечанага тэме душпастырства ў лячэнні хворых дзяцей, які адбудзецца ў Ватыкане 13 лістапада 2008 г.

Мексіканскі кардынал Барраган, адказваючы на пытанне адносна радыкальнай змены пазіцыі амерыканскай адміністрацыі, абвешчанай новаабраным прэзідэнтам ЗША Баракам Абамам, адзначыў, што абавязак пашаны да жыцця датычыць кожнай чалавечай істоты і ўсіх краінаў свету.

Як паведамляюць амерыканскія абаронцы жыцця, саветнікі Абамы займаюцца падрыхтоўкай прэзідэнцкіх дэкрэтаў, якія, праўдападобна, анулююць рашэнні Джоржа Буша адносна такіх пытанняў, як эксперыменты на чалавечых эмбрыёнах і фінансаванне з федэральнага фонду абартыўнай дзейнасці. Кардынал Барраган заўважыў, што ён дакладна не ведае пазіцыі новага Прэзідэнта ЗША.

Старшыня Папскай рады пастырства работнікаў сферы аховы здароўя, разважаючы над тэмай кангрэса, заўважыў, што кожны год у першыя 26 дзён жыцця ў свеце памірае 4 мільёна чалавек. Галоўнай прычынай хвароб дзяцей з’яўляецца беднасць, якая пануе ў свеце. Нават у багатых краінах кожнае шостае дзіця жыве ў галечы.

Па словах кардынала Баррагана, вялікая колькасць сем’яў не выконвае выхаваўчых абавязкаў. Такім чынам, перад Касцёлам стаіць пытанне, як дапамагчы шматлікім дзецям, пазбаўленым бацькоўскай апекі, якія апынуліся ў небяспецы хваробаў або ў небяспецы быць адкінутымі на перыферыі грамадства.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.