Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Бэнэдыкт XVI пра другое прыйсце Хрыста
Святы Айцец
14.11.2008 16:29

«Хрыстус уваскрос і мы ўваскрэснем. Ён з’яўляецца гарантам нашай надзеі на будучыню і справядлівым суддзёю, якому кожны дасць справаздачу аб сваім жыцці», — вучэнне святога Паўла пра другое прыйсце Хрыста ў канцы часоў было тэмай катэхезы Святога Айца Бэнэдыкта XVI падчас чарговай агульнай аўдыенцыі ў сераду 12 лістапада 2008 г.

Першыя хрысціянскія супольнасці спадзяваліся, што вяртанне Хрыста адбудзецца вельмі хутка, і гэта выклікала мноства пытанняў, а таксама ўнутраны неспакой і няпэўнасць адносна лёсу тых, хто ўжо памёр. Святы Павел растлумачыў, што ў дзень другога прыйсця Збаўцы памерлыя ў Хрысце паўстануць першымі, а жывыя ўздымуцца на аблоках да Пана і застануцца з Ім ужо назаўсёды. Святы Павел хацеў дачакацца (такую выснову можна зрабіць, прачытаўшы яго пасланні) трыумфальнага прыйсця Хрыста, аднак ён не ўказваў канкрэтнай даты і не вучыў, што гэты дзень настане ў бліжэйшай будучыні. У дактрыне пра другое прыйсце Збаўцы ён указваў на абсалютнае першынство Хрыста, народжанага перад усімі стварэннямі, першароднага сярод тых, хто ўваскрасае, а таксама на паўсюднае пакліканне людзей у гэтай жа веры да Божага Валадарства. Святы Павел падкрэсліваў, што збаўленне чалавека і эсхаталагічная перспектыва знаходзяцца ў цеснай сувязі з мукаю, смерцю і ўваскрасеннем Хрыста. Іх неабходна прымаць у духу веры і хрысціянскай надзеі.

Святы Айцец звярнуўся таксама да паўсюднай малітвы хрысціянаў: «Maràn athà» — «Прыйдзі, Пане Езу!». Пантыфік адзначыў, што сучаснаму чалавеку цяжка шчыра маліцца аб тым, каб свет перамяніўся і настаў Новы Ерузалемам. Складана прасіць аб апошнім судзе і жадаць, каб прыйшоў Хрыстус-суддзя. Нягледзячы на гэта, мы таксама можам паўтарыць словы першых хрысціянаў — «Прыйдзі, Пане Езу!», — «нават, калі мы не хочам, каб канец свету настаў ужо цяпер», — падкрэсліў Бэнэдыкт XVI.

На завяршэнне катэхезы Папа звярнуў увагу на распаўсюджанае жаданне скончыць з несправядлівасцю. «Мы хочам, каб свет кардынальна змяніўся, каб настала цывілізацыя любові, каб прыйшоў час справядлівасці і міру, без голаду і насілля. Мы ўсяго гэтага прагнем, але як гэта можа адбыцца без Хрыста?», — запытаўся Бэнэдыкт XVI і адначасова падкрэсліў, што без прысутнасці Хрыста свет ніколі не будзе сапраўды справядлівым і не адбудзецца яго аднаўлення. «Таму і мы рознымі спосабамі павінны ў абставінах нашага часу пільна заклікаць: „Прыйдзі, Пане!“. Прыйдзі вядомым Табе чынам туды, дзе пануе несправядлівасць і насілле. Прыйдзі ў лагеры бежанцаў (...). Прыйдзі туды, дзе верх узялі наркотыкі. Прыйдзі і да багатых, якія забыліся пра Цябе і якія жывуць ужо толькі для сябе. Прыйдзі туды, дзе Цябе не ведаюць. Прыйдзі і аднаві сёння аблічча зямлі. Увайдзі і ў нашыя сэрцы, аднаві наш стыль жыцця, каб і мы маглі стаць святлом Бога і праяваю Тваёй прысутнасці», — маліўся Святы Айцец.

Бэнэдыкт XVI заклікаў да частай малітвы, каб Хрыстус быў прысутны ў гэтым свеце і аднаўляў сучаснасць.

Паводле матэрыялаў Ватыканскага радыё

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.