Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Ватыкан: шасцігадовая дзяўчынка можа быць абвешчана Доктарам Касцёла
Святы Айцец
19.11.2008 20:17

Італьянская дзяўчынка Антанетта Мэо, якая памерла ад раку (саркома косці) ва ўзросце шасці гадоў, можа быць абвешчана Доктарам Касцёла. Пасля сябе дзяўчынка пакінула 150 лістоў (скіраваных да Асобаў Найсвяцейшай Тройцы і Марыі), якія з’яўляюцца «цудоўнай тэалагічнай цэласнасцю», — адзначыў сакратар Папскай рады пастырства работнікаў сферы аховы здароўя біскуп Хасэ Луіс Рэдрадо Марчытэ.

Антанетта Мэо нарадзілася 15 снежня 1930 г. у Рыме «ў сям’і з цвёрдымі рэлігійнымі і маральнымі прынцыпамі», як гэта адзначана ў яе біяграфіі, падрыхтаванай падчас беатыфікацыйнага працэсу. Аднойчы дзяўчынка разбіла сабе калена аб камень. Боль не праходзіла, і бацькі павялі дачку да ўрача, які паставіў дыягназ — злаякаснае новаўтварэнне.

У хуткім часе Антанецце ампутавалі ножку, але яна прыняла гэта не як трагедыю, але як магчымасць цярпець за свет і грэшнікаў. Пра яе містычныя адносіны да хваробы гаворыцца ў лістах, якія яна пісала Пану Езусу і Маці Божай, Богу-Айцу і Святому Духу. Дзяўчынка прасіла Езуса, каб — калі Ён захоча — «вярнуў ёй ножку», аднак была падрыхтаваная і да таго, што просьба не будзе споўнена. «Але калі не хочаш гэтага... fiat voluntas Tua», — пісала Антанетта ў адным з апошніх сваіх лістоў.

Памерла Антанетта Мэо 3 ліпеня 1937 г. Пахавана на рымскіх могілках Верана. Труна была перанесена ў базыліку Святога Ерузалемскага Крыжа, у якой яна была ахрышчана і прыступіла да Першай святой Камуніі.

Беатыфікацыйны працэс Антанетты Мэо, распачаты ўжо ў 1942 г. намаганнямі Каталіцкай акцыі Італіі, да якой належала дзяўчынка, завяршыўся праз 30 гадоў. У тыя часы, аднак, Касцёл не дапускаў беатыфікацыі дзяцей, якія памерлі не мучаніцкай смерцю. Сітуацыя змянілася, калі ў 1981 г. Кангрэгацыя па справах Кананізацыі адмяніла гэтую нефармальную забарону.

18 снежня 2007 г. Бэнэдыкт ХVI падпісаў дэкрэт, у якім пацвярджаліся гераічныя цноты дзяўчынкі. Для беатыфікацыі яшчэ неабходна пацвярджэнне цудаў, якія адбыліся праз яе заступніцтва. Калі справа да гэтага дойдзе, Антанетта Мэо стане наймалодшай благаслаўлёнай у гісторыі Касцёла, а ў будучыні, магчыма, і наймалодшаю святою.

Тытул «Доктар Касцёла» («doctor Ecclesiae») упершыню быў ужыты знакамітым мысліцелем і гісторыкам Касцёла эпохі Сярэднявечча Бэдам Вялебным (673–735 гг.) у адносінах да вядучых постацяў хрысціянства — святога Амброзія (339–397 гг.), святога Аўгустына (354–430 гг.), святога Гераніма (347–420) і папы Грыгорыя І Вялікага (кіраваў Каталіцкім Касцёлам у 590–604 гг.). Да сярэдзіны XVI ст. існаваў «канон» Доктараў Касцёла: па два прадстаўнікі ад Усходу і Захаду. Пазней на Захадзе да іх былі далучаны святы Тамаш Аквінскі (1225–1274 гг.) і іншыя вялікія мысліцелі і рэфарматары Касцёла.

Да гэтага часу Каталіцкі Касцёл надаў гэты тытул 33 асобам (з іх — 3 жанчыны). Апошні такі абрад адбыўся 19 кастрычніка 1997 г., калі Ян Павел ІІ абвясціў Доктарам Касцёла святую Тэрэзу ад Дзяцятка Езуса. Менавіта яна ў цяперашні час з’яўляецца самым маладым Доктарам Касцёла (памерла ў 1897 г. ва ўзросце 24 гадоў).

Тытул Доктара Касцёла атрымалі 2 Папы, 3 кардыналы, 14 біскупаў, 2 манахі з першага тысячагоддзя хрысціянства, 10 членаў з 7 манаскіх ордэнаў і кангрэгацый, 2 кармеліткі і адна свецкая тэрцыярка.


Паводле матэрыялаў інфармацыйных агенцтваў

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.