Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Кардынал Сандры: Касцёл вядзе барацьбу з антыісламізмам, а пераслед хрысціянаў павялічваецца |
Святы Айцец |
19.11.2008 20:18 |
«У той час, калі Касцёл вядзе барацьбу з антысемітызмам і антыісламізмам, пераслед хрысціянаў павялічваецца», — адзначыў кардынал Леанарда Сандры, прэфект Кангрэгацыі па справах Усходніх Касцёлаў, у інтэрв’ю для газеты «La Repubblica». Па словах кардынала Сандры, складваецца ўражанне, што «антыхрысціянізм не заўважаецца, а ў некаторых выпадках, здаецца, проста апраўдваецца». «Тым часам неабходна даць абсалютную гарантыю хрысціянам на права свабодна вызнаваць сваю рэлігію», — падкрэсліў іерарх. Прэфект ватыканскага ведамства ўзгадаў свой нядаўні візіт у Індыю. «Мы занепакоены тым, што здарылася ў штаце Арыса», — сказаў іерарх, а таксама падкрэсліў, што на гэтую тэму размовы вяліся паміж мясцовымі ўладамі і прадстаўнікамі Касцёла. «Менавіта на лакальным узроўні хрысціянам павінна быць гарантавана бяспека», — дадаў кардынал. Як паведаміў кардынал Леанарда Сандры, Апостальская Сталіца з непакоем глядзіць на ўцёкі хрысціянаў з Блізкага Усходу, а асабліва са Святой Зямлі. «Іх амаль няма ў ваколіцах Багдада. Іракскія біскупы займаюцца цяпер сваімі вернікамі ў Еўропе і Амерыцы», — заўважыў іерарх. На яго думку гэта — «абядненне жыцця краіны». На просьбу пракаментаваць прагноз вываду амерыканцаў з Іраку ў 2011 г., кардынал Сандры адзначыў, што «трэба было выйсці з гэтага лабірынту», а таксама выказаў надзею, што Ірак не застанецца сам-насам са сваімі праблемамі. «Абавязковым будзе супрацоўніцтва краінаў, зацікаўленых у іракскім пытанні», а таксама закон, які будзе гарантаваць хрысціянам «мінімальнае прадстаўніцтва» ў парламенце. Кардынал Леанарда Сандры выказаў спадзяванне, што не дойдзе да вайны з Іранам, бо «вайна не вырашае ніводнай праблемы». Паводле матэрыялаў інфармацыйных агенцтваў |
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.