Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Бэнэдыкт XVI пра экуменічны дыялог з армянамі і пра пераслед хрысціянаў на Блізкім Усходзе
Святы Айцец
25.11.2008 16:01
Тэму хрысціянскага сведчання ўзняў Святы Айцец Бэнэдыкт XVI, прымаючы ў Ватыкане Армянскага Каталікоса Вялікага Дома Кілікійскага Арама І. Пантыфік адзначыў, што шматлікія армянскія святыя і мучанікі на працягу вякоў давалі сведчанне сваёй веры, а асабліва ў часы трагічнага пераследу ў ХХ стагоддзі.

Гаворачы пра экуменічны дыялог, які католікі вядуць са старажытнымі ўсходнімі Цэрквамі, Бэнэдыкт XVI падкрэсліў вялікі ўклад армянаў у гэтую справу. Тэма, над якой цяпер працуе супольная міжнародная камісія дыялогу, — «Прырода, структура і місія Касцёла». Святы Айцец мае надзею, што глыбокае разуменне апостальскай традыцыі, якая нас аб’ядноўвае, дапаможа нам даваць супольнае сведчанне пра духоўныя і маральныя каштоўнасці. Без іх «немагчымы справядлівы і гуманны грамадскі парадак».

«Я хачу запэўніць у сваёй штодзённай малітве і глыбокім клопаце пра жыхароў Ліванскай Рэспублікі і Блізкага Усходу, — сказаў Бэнэдыкт XVI. — Як жа не бедаваць над сітуацыямі напружання і канфліктаў, якія па-ранейшаму перашкаджаюць намаганням у справе паяднання і супакою на ўсіх узроўнях палітычнага і грамадскага жыцця ў гэтым рэгіёне? Апошнім часам нас усіх засмуціў узрост пераследу хрысціянаў і насілля над імі ў розных рэгіёнах Блізкага Усходу і іншых месцах. Толькі тады, калі зацікаўленыя краіны могуць вырашаць свой лёс, а розныя этнічныя групы і рэлігійныя супольнасці цалкам прымаюць і паважаюць адна адну, будуецца мір на трывалым фундаменце салідарнасці, справядлівасці і павагі адпаведных правоў асобы і цэлых народаў».

Каталікос Арам І у сваім звароце да Святога Айца ўказаў на неабходнасць прызнання Цэрквамі, рэлігіямі і дзяржавамі факту, што армяне ў пачатку ХХ стагоддзя сталі ахвярамі генацыду. Як паведаміў Арам І, важна прадухіліць падобныя трагедыі ў будучыні.

Паводле матэрыялаў Ватыканскага радыё

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.