Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Бэнэдыкт XVI перасцерагае ад падзелаў у Касцёле
Святы Айцец
26.11.2008 20:39
Вучэнню святога Паўла пра значэнне веры і ўчынкаў для апраўдання прысвяціў сваю катэхезу Бэнэдыкт XVI падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане 26 лістапада 2008 г. Святы Айцец перасцярог ад катастрафічных наступстваў веры, поруч з якой няма любові, а таксама ад падзелаў у Касцёле. У аўдыенцыі прыняў удзел Армянскі Каталікос Вялікага Дома Кілікійскага Арам І, які ў гэтыя дні знаходзіцца з афіцыйным візітам у Ватыкане.

Вітаючы духоўнага апекуна армянаў у Ліване, Сірыі, на Кіпры, у Іране і Грэцыі, Бэнэдыкт XVI выказаў прызнанне Араму І за яго актыўны ўдзел у экуменічным дыялогу. Пантыфік падкрэсліў, што прысутнасць Армянскага Каталікоса з’яўляецца «значнаю нагодай, якая служыць умацаванню нашых сувязяў» на шляху да «поўнага адзінства» — «мэты ўсіх хрысціянаў і дара ад Пана».

Арам І, у сваю чаргу, падкрэсліў небходнасць супрацоўніцтва абедзвюх Цэркваў перад абліччам выклікаў сучаснасці. Іерарх Армянскай Царквы адзначыў, што абедзвюм хрысціянскім супольнасцям неабходна паўторная евангелізацыя, а асабліва евангелізацыя сем’яў. Арам І падкрэсліў, што асабіста прымае «актыўны ўдзел у справе экуменізму, а ў асаблівасці ў форуме двухбаковай тэалагічнай камісіі».

Святы Айцец адзначыў, што нельга аддзяліць веры ад любові, бо ў такім выпадку вера была б толькі самавольным і суб’ектыўным актам.

Пантыфік падкрэсліў, што хрысціянская вера не з’яўляецца думкаю, ідэяй, але — камуніяй, і менавіта з гэтага пункту гледжання мы прыпадабняемся да Хрыста. «Вера без любові не была б вераю сапраўднаю, але мёртваю», — падкрэсліў Святы Айцец, а таксама заўважыў, што нас падтрымлівае любоў Хрыста і схіляе да таго, каб мы ўжо не жылі для сябе, але дзеля Таго, хто за нас памёр і ўваскрос. «У гэтай перспектыве можна зразумець, што хрысціянская этыка не паходзіць з сістэмы запаведзяў, але з’яўляецца вынікам нашай прыязнасці з Хрыстом», — адзначыў Бэнэдыкт XVI.

Папа заклікаў нанава сабе ўсвядоміць, што мы, хоць і апраўданыя ў Хрысце, ужо не належым сабе, але з’яўляемся святыняю Духа Святога. Таму мы пакліканы праслаўляць Бога ў нашым целе, і ў гэтай перспектыве трэба бачыць каштоўнасць нашага жыцця — асабістага і грамадскага. «Дазволім агарнуць нас неабсяжнай любоўю Бога. Няхай нічога не аддзяляе нас ад гэтай любові. Няхай гэтае перакананне напоўніць нас моцаю, каб мы змаглі сапраўды жыць вераю, якая дзейнічае праз любоў», — заклікаў падчас агульнай аўдыенцыі Бэнэдыкт XVI.

Паводле матэрыялаў інфармацыйных агенцтваў
 
 
 
 
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.