Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Бэнэдыкт XVI пра першародны грэх і збаўленне ў Хрысце |
Святы Айцец |
04.12.2008 20:42 |
Вучэнню пра першародны грэх і надзею, якую нясе Хрыстус, прысвяціў Святы Айцец Бэнэдыкт XVI катэхезу падчас агульнай аудыенцыі 3 снежня 2008 г. Апавядаючы пра адносіны Адама і Хрыста, апісаныя ў пасланні святога Паўла да Рымлянаў, Пантыфік звярнуў увагу на спрэчнасць у чалавечай натуры: «Прысутнасць зла з’яўляецца фактам, які нараджае смутак і цынізм, але таксама прагу адкуплення». «Зло не мае логікі. Толькі Бог і дабро маюць логіку і з’яўляюцца святлом. Зло застаецца таямнічым, — адзначыў Папа. — Гэта было прадказана ў кнізе Быцця праз вялікія вобразы двух дрэваў, змея і грэшнага чалавека. Яны аказваюць уплыў на ўяўленне, але не тлумачаць таго, што само па сабе не мае логікі. (...) Застаецца таямніца цемры і ночы. Аднак да яе адразу далучаецца таямніца святла. Зло паходзіць з падпарадкаванай крыніцы. Бог са сваім святлом — мацнейшы. Таму зло можа быць пераможана, а чалавека можна ацаліць». Бэнэдыкт XVI падкрэсліў, што Бог сам даў аздараўленне, асабіста ўваходзячы ў гісторыю. Крыніцы зла Ён проціпаставіў крыніцу чыстага дабра. Хрыстус укрыжаваны і ўваскрослы з’яўляецца новым Адамам, які бруднай рацэ аказвае супраціўленне ракою святла. Яе мы бачым у святых рэчах. Дар, які мы атрымалі ў Хрысце, перавышае грэх Адама, бо «дзе памножыўся грэх, там яшчэ больш памножылася ласка, каб, як грэх панаваў праз смерць, так і ласка запанавала праз праведнасць для жыцця вечнага праз Езуса Хрыста, нашага Пана» (пар. Рым 5, 20–21). Таму мы не павінны разглядаць грэх Адама і чалавецтва ў адрыве ад кантэксту апраўдання ў Хрысце. Паводле матэрыялаў інфармацыйных агенцтваў |
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.