Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пасланне Яго Святасці Бэнэдыкта XVI на 95-ы Сусветны дзень мігрантаў і бежанцаў |
Святы Айцец |
09.12.2008 19:29 |
(18 студзеня 2009 г.) Святы Павел — вандроўнік і Апостал народаў Дарагія браты і сёстры! Тэма сёлетняга паслання на Сусветны дзень мігрантаў і бежанцаў гучыць так: «Святы Павел — вандроўнік і Апостал народаў». Яна звязана з абвешчаным мною Юбілейным годам у гонар гэтага Апостала з нагоды двухтысячагоддзя яго нараджэння. Справа Паўла, «вандроўніка па пакліканні», а менавіта абвяшчэнне вучэння і пасрэдніцтва паміж рознымі культурамі і Евангеллем, з’яўляецца па сутнасці значным арыенцірам таксама для людзей, якія вандруюць у наш час. Саўл нарадзіўся ў горадзе Тарс, што ў Кілікіі, у сям’і габрэйскіх эмігрантаў. Ён быў выхаваны ў габрэйскім і грэцкім моўным і культурным асроддзі, а таксама на глебе рымскай культуры. Пасля сустрэчы з Хрыстом на дарозе ў Дамаск (пар. Гал 1, 13–16), ён, не адрокшыся ад уласных традыцый і захоўваючы павагу і ўдзячнасць да юдаізма і Закона (пар. Рым 9, 1–5; 10, 1; 2 Кар 11, 22; Гал 1, 13–14; Флп 3, 3–6), без ваганняў і развагаў адважна і з энтузіязмам прысвяціў сябе новай місіі, падпарадкуючыся наказу Пана: «Я пашлю цябе да далёкіх народаў» (пар. Дз 22, 21). Яго жыццё перамянілася кардынальным чынам (пар. Флп 3, 7–11): Езус стаў для яго сэнсам існавання, а таксама натхненнем на апостальскае служэнне дзеля абвяшчэння Евангелля. З пераследніка хрысціянаў ён ператварыўся ў Хрыстовага апостала. Ведзены Святым Духам, ён, не шкадуючы сілаў, імкнуўся да таго, каб Евангелле, якое з’яўляецца «моцаю Божаю, дадзенаю для збаўлення кожнаму, хто верыць, спярша юдэю, а потым і грэку» (пар. Рым 1, 16), было абвешчана ўсім, незалежна ад нацыянальнасці і культуры. Падчас сваіх апостальскіх падарожжаў, нягледзячы на шматлікія пратэсты, ён спярша абвяшчаў Евангелле ў сінагогах, прызнаючы першынство за сваімі суайчыннікамі з дыяспары (пар. Дз 18, 4–6). А калі яны яго не прымалі, звяртаўся да язычнікаў, становячыся сапраўдным «місіянерам мігрантаў», сам будучы мігрантам і вандроўным пасланцом Езуса Хрыста, і заахвочваў кожнага чалавека, каб у Езусе Хрысце той стаў «новым стварэннем» (пар. 2 Кар 5, 17). Абвяшчаючы керыгму, ён плаваў па марах Блізкага Усходу, вандраваў па дарогах Еўропы і нарэшце трапіў у Рым. Ён вырушыў з Антыёхіі, дзе Евангелле абвяшчалася людзям, якія не былі вызнаўцамі юдаізму і дзе вучняў Хрыста ўпершыню назвалі «хрысціянамі» (пар. Дз 11, 20. 26). Яго жыццё і вучэнне былі цалкам падпарадкаваныя таму, каб усе пазналі і палюбілі Хрыста, бо ў Ім усе народы павінны стаць адным народам. Таксама і сёння, у эпоху глабалізацыі, місія Касцёла і кожнага ахрышчанага па-ранейшаму заключаецца ў гэтым. Гэтая місія з уважлівым душпастырскім клопатам ахоплівае разнастайны свет мігранатаў: замежных студэнтаў, імігрантаў, бежанцаў, выгнаннікаў, прымусовых перасяленцаў, а таксама ахвяраў сучасных формаў рабства, такіх, як напрыклад, гандаль людзьмі. Таксама і сёння неабходна несці вестку пра збаўленне з такім самым імпэтам, як гэта рабіў Апостал народаў, беручы пад увагу сацыяльныя і культурныя адметнасці, а таксама асаблівыя цяжкасці кожнага чалавека, звязаныя з ягоным жыццём мігранта і вандроўніка. Хацелася б, каб кожная хрысціянская супольнасць праяўляла такую самую апостальскую адданасць, што была ўласцівая святому Паўлу, які, усім абвяшчаючы збаўчую любоў Айца (пар. Рым 8, 15–16; Гал 4, 6), каб «здабыць яшчэ больш» (пар. 1 Кар 9, 19), стаў для нядужых як нядужы, «для ўсіх стаў усім, каб любою цаною збавіць некага» (пар. 1 Кар 9, 22). Няхай ягоны прыклад заахвочвае таксама і нас да салідарнасці з гэтымі нашымі братамі і сёстрамі, каб у кожным куточку зямлі мы ўсімі магчымымі спосабамі клапаціліся пра мірнае суіснаванне паміж рознымі народамі, культурамі і рэлігіямі. У чым заключаўся сакрэт Апостала народаў? Уласцівая яму місіянерская адданасць і баявы запал паходзілі ад таго, што ён сам быў «здабыты Хрыстом» (пар. Флп 3, 12), быў з Ім з’яднаны настолькі глыбока, што адчуваў сябе ўдзельнікам Яго жыцця праз «удзел у Яго цярпенні» (пар. Флп 3, 10; пар. таксама Рым 8, 17; 2 Кар 4, 8–12; Клс 1, 24). У гэтым — крыніца апостальскага запалу святога Паўла, які кажа: «Бог, выбраўшы мяне ад улоння маці маёй і паклікаўшы ласкаю сваёю, пажадаў аб’явіць праз мяне свайго Сына, каб я прапаведаваў Яго язычнікам» (пар. Гал 1, 15–16; пар. таксама Рым 15, 1–16). Ён адчуваў, што нібы «ўкрыжаваўся разам з Хрыстом», а таму мог сцвярджаць, што «ўжо не я жыву, а жыве ўва мне Хрыстус» (пар. Гал 2, 20). Ніякія цяжкасці не перашкодзілі яму весці адважную евангелізацыйную дзейнасць у такіх касмапалітычных гарадах, як Рым і Карынт, жыхары якіх у той час уяўлялі сабою стракатую мазаіку розных нацый і культур. Чытаючы Дзеі Апосталаў а таксама Пасланні, якія Павел скіроўвае розным адрасатам, мы бачым у іх Касцёл не як нейкую эксклюзіўную ўстанову, а адкрыты для ўсіх, што складаецца з вернікаў, паміж якімі няма ніякіх адрозненняў, звязаных з культураю і нацыянальнасцю, таму што кожны ахрышчаны з’яўляецца жывым членам адзінага Цела Хрыста. У гэтым сэнсе асаблівае значэнне набывае братняя салідарнасць, якая праяўляецца ў штодзённых жэстах дзялення, супрацоўніцтва і радаснага клопату пра іншых. Аднак святы Павел заўжды навучае, што немагчыма дасягнуць такога ўзроўню ўзаемнага братэрскага прымання без гатоўнасці слухаць і прымаць Слова, якое абвяшчаецца і рэалізуецца ў жыцці (пар. 1 Тэс 1, 6); Слова, якое ўсіх заклікае наследаваць Хрыста (пар. Эф 5, 1–2) у наследаванні самога Апостала (пар. 1 Кар 11, 1). Менавіта таму чым больш супольнасць з’яднаная з Хрыстом, тым больш у ёй клапоцяцца пра бліжняга, пазбягаюць асуджаць, пагарджаць, даваць дрэнны прыклад, прымаюць адзін аднаго (пар. Рым 14, 1–3; 15, 7). Вернікі, прыпадобніўшыся да Хрыста, адчуваюць сябе ў Ім «братамі», дзецьмі аднаго Айца (Рым 8, 14–16; Га 3, 26; 4, 6). Гэты скарб братэрства робіць іх «дбайнымі пра гасціннасць» (пар. Рым 12, 13), якая з’яўляецца першароднаю дачкою агапэ (пар. 1 Цім 3, 2; 5, 10; Ціт 1, 8; Флм 17). Такім чынам здзяйсняецца абяцанне Пана: «Я прыму вас і буду вам Айцом, а вы будзеце Маімі сынамі і дочкамі» (пар. 2 Кар 6, 17–18). Калі мы ўсведамляем сабе гэта, дык як жа нам не паклапаціцца пра тых, хто знаходзіцца ў цяжкіх умовах, асабліва пра бежанцаў і выгнаннікаў? Як жа не клапаціцца пра патрэбы людзей сапраўды слабых і безабаронных, якія перажываюць няўпэўненасць і небяспеку, апынуліся на задворках або наогул часта адкінутыя грамадствам? Менавіта ім у першую чаргу належыць прысвяціць увагу, бо, як у славутым паўлавым выказванні: «Бог выбраў неразумнае свету, каб асароміць мудрых (...) і бязроднае свету, і пагарджанае, і тое, чаго няма, выбраў Бог, каб знішчыць існае, каб ніякае цела не выхвалялася перад Богам» (пар. 1 Кар 1, 27–29). Дарагія браты і сёстры, няхай Сусветны дзень мігрантаў і бежанцаў, які будзе адзначацца 18 студзеня 2009 года, для ўсіх стане стымулам да таго, каб у поўнай меры жыць братняю любоўю, нікога не выключаючы і не дыскрымінуючы, з перакананнем у тым, што наш бліжні — гэта кожны чалавек, каму мы патрэбныя і можам дапамагчы (пар. Deus caritas est, 15). Няхай вучэнне і прыклад святога Паўла, вялікага і пакорнага Апостала і вандроўніка, евангелізатара народаў і культураў, дапаможа нам зразумець, што здзяйсненне ўчынкаў любові — гэта гонар і сэнс усяго хрысціянскага жыцця. Нам добра вядома, што запаведзь любові жывіцца тады, калі сабраныя разам вучні Хрыста ўдзельнічаюць у Эўхарыстыі, якая з’яўляецца перадусім сакрамэнтам братэрства і любові. І падобна да таго, як Езус у Вячэрніку з’яднаў з дарам Эўхарыстыі новую запаведзь братняй любові, гэтак жа Ягоныя «сябры», наследуючы Хрыста, які стаў «слугою» чалавецтва, умацаваныя Ягонаю ласкаю, павінны з адданасцю служыць адно аднаму, клапоцячыся адны пра другіх у адпаведнасці з наказам святога Паўла: «Насіце цяжары адзін аднаго і такім чынам выканаеце закон Хрыстовы» (пар. Гал 6, 2). Толькі так умацоўваецца любоў паміж вернікамі і да ўсіх людзей (пар. 1 Тэс 3, 12). Дарагія браты і сёстры, будзем жа нястомна абвяшчаць гэтую «Добрую Навіну» і сведчыць пра яе з энтузіязмам, не палохаючыся і не шкадуючы сілаў! У любові заключаецца паўната евангельскага паслання, а сапраўдныя вучні Хрыста пазнаюцца па ўзаемнай любові і па іхняй адкрытасці для ўсіх. Няхай мы атрымаем гэты дар праз апостала Паўла, а асабліва праз Марыю — Маці, якая прымае і любіць. Просячы Бога аб апецы над усімі, хто прысвячае сябе справе дапамогі мігрантам, а больш шырока — над усім вялікім светам міграцыі, я запэўніваю кожнага ў пастаяннай малітоўнай памяці і ўсім з любоўю ўдзяляю Апостальскае благаслаўленне. Кастэль Гандольфо, 24 жніўня 2008 г. Папа Бэнэдыкт XVI |
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.