Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Бэнэдыкт XVI: у Беззаганнай мы бачым водбліск Божай прыгажосці
Святы Айцец
09.12.2008 19:41
Таямніца Беззаганнага Зачацця Марыі нагадвае нам пра дзве асноўныя праўды нашай веры — першародны грэх і перамогу ласкі Хрыста. На гэта звярнуў увагу Святы Айцец Бэнэдыкт XVI падчас малітвы «Анёл Панскі» 8 снежня 2008 г. ва ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі.

«Існаванне таго, што Касцёл называе „першародным грахом“, на жаль, з’яўляецца прыгнятальнай рэчаіснасцю. Дастаткова паглядзець вакол сябе, а перадусім заглянуць у сваю душу. Зло настолькі вялікае, што міжвольна ўзнікае пытанне: адкуль яно паходзіць? Асабліва для веруючага чалавека гэтая невядомасць яшчэ больш глыбокая: калі Бог з’яўляецца абсалютным Дабром і Ён стварыў усё, то адкуль паходзіць зло? — разважаў Святы Айцец. — Першыя старонкі Бібліі на гэтае прынцыповае пытанне, якое стаіць перад кожным пакаленнем, адказваюць апісаннем стварэння і падзення першых бацькоў: Бог стварыў усё, каб існавала, а асабліва чалавека стварыў Ён па сваім вобразе. Ён не стварыў смерці, яна прыйшла ў свет праз зайздрасць д’ябла, як гаворыцца пра гэта ў Кнізе Мудрасці. Сатана, які ўзбунтаваўся супраць Бога, спакусіў людзей і схіліў іх да непаслухмянасці. Гэта — трагедыя свабоды, якую Бог прымае да глыбіні з любоўю, абяцаючы, аднак, Сына Дзевы, які сатрэ галаву старадаўняга змея».

«Марыя — гэта жанчына, якой спрадвеку было прызначана быць Маці Адкупіцеля. Маці Таго, хто прынізіўся аж да канца, каб вярнуць нам першапачатковую годнасць. У Ёй мы бачым водбліск Прыгажосці, якая збаўляе свет. Прыгажосці Бога, якою зіхаціць аблічча Хрыста. У Марыі гэтая прыгажосць поўная пакоры і вольная ад усялякай пыхі», — падкрэсліў Бэнэдыкт XVI.

Паводле матэрыялаў Ватыканскага радыё

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.