Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Бэнэдыкт XVI пра Усеагульную дэкларацыю правоў чалавека |
Святы Айцец |
11.12.2008 19:57 |
10 снежня 2008 г., у 60 гадавіну абвяшчэння Арганізацыяй Аб’яднаных Нацый Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека (Парыж, 1948 г.), у Ватыкане адбыўся канцэрт, на якім прысутнічалі Святы Айцец, працаўнікі Рымскай курыі, прадстаўнікі ўладаў Італіі і Мальтыйскага Ордэна. Пасля заканчэння музычнай праграмы ў выкананні Брандэбургскага дзяржаўнага аркестра Бэнэдыкт XVI выступіў з невялікай прамовай. «Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека сёння з’яўляецца самай высокай кропкай суадносінаў у дыялогу на тэму свабоды і правоў чалавека», — адзначыў Святы Айцец Бэнэдыкт XVI. «Годнасць кожнага чалавека сапраўды гарантуецца толькі тады, калі ўсе асноўныя яго правы прызнаюцца, абараняюцца і прапагандуюцца, — адзначыў Пантыфік. — Таму правы чалавека маюць апору ў Стварыцелю Богу, які кожнага адарыў розумам і воляю. Калі пад увагу не будзе ўзята гэта моцная этычная аснова, правы чалавека будуць нетрывалымі, таму што будуць пазбаўлены сталага фундаменту», — падкрэсліў Бэнэдыкт XVI. Святы Айцец адзначыў таксама, што юбілей абвяшчэння Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека з’яўляецца добрай нагодай для таго, каб спраўдзіць, на якім узроўні знаходзяцца ідэалы, прынятыя шматлікімі краінамі ў 1948 г. Нягледзячы на тое, што ўжо шмат зроблена, па-ранейшаму застаюцца нявырашанымі многія праблемы: пад пагрозаю знаходзіцца права на жыццё, не заўсёды шануецца роўнасць і годнасць кожнага чалавека з пункту гледжання яго расавай прыналежнасці, веравызнання і г. д. «Няхай будзе нястомным наш супольны актыўны ўдзел у падтрымцы і лепшым акрэсленні правоў чалавека. (...) Да гэтых пажаданняў я далучаю маю малітву, каб Пан Бог, Айцец усіх людзей, дазволіў нам пабудаваць свет, у якім кожная чалавечая істота будзе адчуваць сябе прынятаю з усёй годнасцю, дзе адносіны паміж індывідуумамі і паміж народамі будуць абапірацца на павазе, дыялогу і салідарнасці. Усіх благаслаўляю», — сказаў Святы Айцец на заканчэнне сваёй прамовы. Паводле матэрыялаў інфармацыйных агенцтваў |
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.