Ватыкан урачыста адсвяткуе 80-годдзе свайго палітычнага статусу |
Святы Айцец |
31.12.2008 14:52 |
Дзяржава Ватыкан у лютым 2009 г. урачыста адсвяткуе васьмідзесятую гадавіну свайго сучаснага палітычнага статусу. У праграму святкавання ўключаны розныя мерапрыемствы, у тым ліку выстава, сімпозіум і канцэрт. З 12 лютага па 10 мая 2009 г. на плошчы св. Пятра адбудзецца выстава пад назвай «1929–2009: васьмідзесяцігадовы юбілей Горада Дзяржавы Ватыкан». Выстава падрыхтавана спецыяльна створаным з гэтай нагоды навуковым камітэтам. На ёй, акрамя іншых экспанатаў, будуць прадстаўлены планы, макеты, фотаздымкі Ватыкана, а таксама дакументы, якія датычацца эпохі Латэранскіх пагадненняў. Наведвальнікі выставы будуць таксама мець магчымасць убачыць старадаўні аўтамабіль маркі «Citroën Lictoria», на якім у свой час ездзіў Папа Пій XI (1922–1939 гг.). З 12 па 14 лютага запланава правядзенне сімпозіума «Горад Дзяржава Ватыкан: вялікая місія маленькай тэрыторыі». У ім прымуць удзел рэлігійныя, навуковыя і палітычныя дзеячы з розных краінаў свету. У сваіх выступленнях яны прааналізуюць наступствы стварэння Дзяржавы Ватыкан — гістарычныя, палітычныя, а таксама наступствы ў галіне міжнародных зносінаў. 14 лютага Святы Айцец прыме на аўдыенцыі ўдзельнікаў сімпозіума. 12 лютага, у першы дзень сімпозіума, адбудзецца святочны канцэрт з удзелам аркестра ірландскага радыё і тэлебачання, хору катэдральнага касцёла з Дубліна. Датай нараджэння Горада Дзяржавы Ватыкан з’яўляецца 11 лютага 1929 г., калі Дзяржаўны сакратар Італіі кардынал П’етра Гаспары і прэм’ер-міністр краіны Бэніта Мусаліні падпісалі Латэранскія пагадненні. Паводле матэрыялаў katolik.ru ![]() Падпісанне Латэранскіх пагадненняў ![]() Удзельнікі падпісання Латэранскіх пагадненняў. У цэнтры — кардынал Гаспары і прэм'ер-міністр Мусаліні Фота vaticanstate.ru
|