Ватыкан: рашэнне адмовіцца ад заканадаўства Італіі |
Святы Айцец |
08.01.2009 17:00 |
Улады Ватыкана пастанавілі адмовіцца ад прымянення на сваёй тэрыторыі італьянскіх законаў па прычыне іх шматлікасці і неадпаведнасці прынцыпам Каталіцкага Касцёла. Правазнаўцы Апостальскай Сталіцы заявілі аб тым, што ў Італіі занадта шмат нормаў крымінальнага і грамадзянскага заканадаўстваў, частка з якіх, да таго ж, не адпавядае касцёльным прынцыпам. Дамоўленасць паміж касцёльнымі ўладамі і італьянскім урадам аб дзеянні свецкіх законаў на тэрыторыі Ватыкана была падпісана 80 год таму. Рашэнне Святога Айца Бэнэдыкта XVI аб тым, што Ватыкан больш не будзе аўтаматычна прымаць законы, зацверджаныя італьянскім парламентам, пачало дзейнічаць з 1 студзеня 2009 г. Італьянскія законы, а таксама міжнародныя пагадненні чакае асаблівая экспертыза перад тым, як яны будуць зацверджаны Апостальскай Сталіцай. У снежні Ватыкан, разам з некаторымі іншымі краінамі, адмовіўся падпісаць дэкларацыю, якая забараняла пераследванне гомасексуалізму па законе. Прадстаўнікі ўрада Італіі прызнаюць, што прэтэнзіі Ватыкана маюць падставы: у некаторых законах дзяржавы насамрэч складана разабрацца. У дадзены момант парламенцкая камісія краіны працуе над тым, каб выключыць з заканадаўства дзесяткі тысячаў састарэлых прававых актаў. Аглядальнікі мяркуюць, што падобным чынам улады Ватыкана імкнуцца адстаяць сваю незалежнасць у заканадаўчых пытаннях, якія датычацца разводаў, грамадзянскіх шлюбаў, эўтаназіі і інш. Паводле матэрыялаў інфармацыйных агенцтваў |