Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Бэнэдыкт XVI заклікае распрацоўваць стратэгію выхаду з эканамічнага крызісу |
Святы Айцец |
13.01.2009 16:22 |
Святы Айцец Бэнэдыкт XVI прыняў на традыцыйнай штогадовай аўдыенцыі прадстаўнікоў муніцыпальных уладаў Рыма, рымскіх правінцый і рэгіёну Лацыо. Падчас сустрэчы Папа заклікаў да распрацоўкі стратэгіі выхаду з эканамічнага крызісу. «Сёння, можа, як ніколі грамадства разумее, што толькі дзякуючы стылю жыцця, натхнёнаму памяркоўнасцю, салідарнасцю і адказнасцю, можна збудаваць больш справядлівае грамадства і лепшую будучыню для ўсіх», — адзначыў Пантыфік падчас традыцыйных навагодніх віншаванняў. У сваёй прамове Бэнэдыкт XVI закрануў праблему сусветнага эканамічнага крызісу, які, на думку Святога Айца, звязаны з крызісам «структурным, культурным і крызісам каштоўнасцяў». Пантыфік падкрэсліў, што задача дзяржавы заключаецца ў тым, каб распрацаваць «адэкватны гаспадарчы і палітычны характар дзеянняў», аднак, Касцёл, «у святле яго сацыяльнага вучэння, пакліканы ўносіць свой уклад, пабуджаючы да разважання і фарміруючы сумленні вернікаў і ўсіх людзей добрай волі». Святы Айцец вялікую ўвагу надае пытанню выхавання моладзі. Ён вызнаў, што «кожны раз, калі паведамляецца пра выпадкі насілля сярод моладзі, кожны раз, калі прэса гаворыць пра дарожныя здарэнні, у якіх гіне столькі маладых людзей, я думаю пра выхаваўчы крызіс, які сёння патрабуе як мага шырэйшага супрацоўніцтва». «У маладым пакаленні, — заўважыў Папа, — аслабляюцца прыродныя і хрысціянскія каштоўнасці, якія надаюць сэнс штодзённаму жыццю і фармуюць светапогляд, адкрыты на надзею; аднак жа голас бяруць эфемерныя прагненні і нетрывалыя спадзяванні, якія ў выніку прыводзяць да суму і паражэнняў. Фатальным вынікам усяго гэтага з’яўляецца ўзмацненне тэндэнцыі баналізацыі самой каштоўнасці жыцця дзеля ўцёку ў трансгрэсію, наркаманію і алкагалізм, якія для некаторых становяцца ўваходзячым ў звычку рытуалам завяршэння тыдня. Нават любові пагражае тое, што стане „звычайнай рэччу, якую можна купіць і прадаць, больш за тое, сам чалавек ператвараецца ў тавар“» («Deus caritas est», 5). На заканчэнне Бэнэдыкт XVI запэўніў, што моліцца за членаў муніцыпальных уладаў, каб Бог асвячаў іх і «зрабіў сумленнымі слугамі на карысць супольнага дабра». Паводле матэрыялаў інфармацыйных агенцтваў |
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.