Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Бэнэдыкт XVI: веруючаму чалавеку няма чаго баяцца |
Святы Айцец |
15.01.2009 19:22 |
«У той час, калі вакол столькі страху, хрысціяне павінны ўсведамляць, што Хрыстус ёсць Панам сусвету. Калі сучаснае язычніцтва пакланяецца небяспечным формам улады, веруючым няма чаго баяцца. Яны ведаюць, што Хрыстус — Пераможца». Вучэнню святога Паўла з Пасланняў да Каласянаў і Эфесцаў прысвяціў Святы Айцец Бэнэдыкт XVI катэхезу падчас агульнай аўдыенцыі 14 студзеня 2009 г. Толькі ў гэтых Пасланнях Апостал Народаў называе Хрыста «главою» (kefalé). Гэта азначае, што Хрыстус кіруе і вядзе хрысціянскую супольнасць, як Правадыр і Пан бярэ на сябе адказнасць за яе. Гэта таксама азначае, што Хрыстус з’яўляецца Галавою, якая ажыўляе і прыводзіць у рух усе члены Цела, якім з’яўляецца супольнасць Касцёла. Паводле святога Паўла Хрыстус з’яўляецца Галавою ўсіх сілаў нябесных. Таму, калі мы ў адзінстве з Ім, мы не павінны баяцца ні ворагаў, ні зменлівасцяў лёсу. Другім ключавым словам, якое з’яўляецца ў абодвух Пасланнях — паняцце «таямніцы». Павел гаворыць пра «таямніцу Божай волі», «таямніцу Хрыста», «таямніцу Бога ў Хрысце, у якім утоены ўсе скарбы мудрасці і ведаў». Пішучы пра таямніцу, Апостал Народаў мае на ўвазе таямнічы, непранікальны план Бога адносна лёсаў чалавека, народаў і свету. Цікавым з’яўляецца таксама вучэнне на тэму Касцёла, які Павел называе Нявестай Хрыста. Бэнэдыкт XVI заўважыў, што з Пасланняў да Каласянаў і Эфесцаў можна навучыцца, як быць хрысціянінам і чалавекам. Яны дапамагаюць зразумець, што ўвесь сусвет з’яўляецца адбіткам прысутнасці Хрыста, таму неабходна адносіцца да яго з пашанаю і любоўю. У Пасланнях Касцёл паказваецца як Цела Хрыста, за якое Ён сам выдаў сябе на смерць крыжовую, а таксама ў іх гучыць заклік да ўзаемнай любові, якая яднае з Богам. Святы Айцец заклікаў да малітвы ў інтэнцыі VI Сусветнай сустрэчы сем’яў, якая 14 студзеня распачалася ў Мексіцы, каб дапамагла нанава адкрыць прыгажосць і каштоўнасць сям’і, а таксама прычынілася да яе ўзмацнення. На заканчэнне аўдыенцыі Пантыфік сустрэўся з хлопчыкам, які цудоўным чынам быў аздароўлены, дзякуючы малітве праз заступніцтва бацькоў святой Тэрэзы з Лізьё. Рэліквіі беатыфікаваных 19 кастрычніка 2008 г. Слугаў Божых Луі і Зэліі Мартэн у гэтыя дні выстаўлены для ўшанавання ў ватыканскай базыліцы. Хлопчык прысутнічаў на аўдыенцыі разам са сваімі бацькамі, якія ахвяравалі Бэнэдыкту XVI рэлікварый новых благаслаўлёных. Паводле матэрыялаў Ватыканскага радыё |
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.