Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Агульная аўдыенцыя: Бэнэдыкт XVI заклікае да развіцця экуменічнага дыялогу |
Святы Айцец |
21.01.2009 19:33 |
Да развіцця экуменічнага дыялогу заклікаў Бэнэдыкт XVI у катэхезе падчас агульнай аўдыенцыі 21 студзеня 2009 г. у Ватыкане. Святы Айцец адзначыў, што адзінства хрысціянаў можа здзейсніцца «толькі дзякуючы Божай ласцы і дзякуючы Божай дапамозе», бо «крыніцаю адзінства з’яўляецца толькі Бог». «Імкненне да адзінства звязана з місіяй Касцёла ў свеце, каб вера была бачнаю. Тыдзень малітваў за адзінства хрысціянаў таксама з’яўляецца імпульсам да шчырага навяртання і нагодаю, каб падзякаваць Богу за дасягнутыя поспехі», — падкрэсліў Святы Айцец. Узгадваючы экуменічныя падзеі мінулага года, Пантыфік адзначыў тры візіты ў Рым Канстанцінопальскага Патрыярха Барталамея І, а таксама падкрэсліў гістарычнае вымярэнне прамовы Патрыярха на Сінодзе Біскупаў. Святы Айцец таксама падзякаваў за сустрэчы з Каталікосам-Патрыярхам Усіх Армянаў Гарэгіным ІІ і Армянскім Каталікосам Вялікага Дома Кілікійскага Арамам І. Бэнэдыкт XVI узгадаў памерлага ў снежні мінулага года Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Алексія ІІ. «Я падзяляў боль Маскоўскага Патрыярхату пасля смерці ўмілаванага брата ў Хрысце, Яго Святасці Патрыярха Алексія ІІ, і працягваю яднацца ў малітве з нашымі братамі, якія рыхтуюцца да выбару свайго новага Патрыярха», — сказаў Святы Айцец. Пантыфік адзначыў, што экуменічным адносінам спрыяюць таксама шматлікія кантакты з хрысціянскімі супольнасцямі Захаду. «Прагненне нашых сэрцаў у тым, каб як найхутчэй настаў дзень поўнага адзінства, калі ўсе вучні адзінага нашага Пана змогуць урэшце супольна цэлебраваць Эўхарыстыю, Божую ахвяру для жыцця і збаўлення свету», — адзначыў Бэнэдыкт XVI. ІІ Ватыканскі Сабор падкрэсліў, што сапраўдны экуменізм не магчымы без унутранага навяртання сэрцаў і пры адсутнасці жэстаў паяднання. «Таму падчас сёлетняга Тыдня малітваў за адзінства хрысціянаў дзякуем Богу за ўсе знакі збліжэння вернікаў, Цэркваў і супольнасцяў», — працягваў Пантыфік. «Адно цела і адзін дух, як і вы пакліканы ў адной надзеі вашага паклікання» (пар. Эф 4, 4). Прывёўшы гэтыя словы святога Апостала Народаў з Паслання да Эфесцаў, Бэнэдыкт XVI даверыў усе хрысціянскія супольнасці апецы Маці Божай, каб яна выпрасіла ім дар умення ўслухвацца ў Божае слова, а таксама дар малітвы за адзінства. Паводле матэрыялаў інфармацыйных агенцтваў |
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.