Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Анёл Панскі» са Святым Айцом: святы Павел — прыклад навяртання |
Святы Айцец |
27.01.2009 15:20 |
Бэнэдыкт XVI падчас разважання да малітвы «Анёл Панскі» ў апошні дзень Тыдня малітваў за адзінства хрысціянаў назваў святога Паўла прыкладам навяртання для кожнага хрысціяніна. Пантыфік нагадаў, што адзінства веры мае свой пачатак ва ўнутраным навяртанні, сведчаннем чаго з’яўляецца святы Павел, які сустрэў пад Дамаскам уваскрослага Хрыста. «У тую хвіліну Саўл зразумеў, што яго збаўленне не залежыць ад добрых учынкаў, якія адпавядаюць закону, але залежаць ад факту, што Езус памёр таксама за яго — ганіцеля — і ўваскрос, — разважаў Святы Айцец. — Тая праўда, якая праз хрост асвячае жыццё кожнага хрысціяніна, цалкам змяняе наш стыль жыцця. Перажыць навяртанне, азначае таксама для кожнага з нас паверыць у Езуса, які аддаў самога сябе за мяне і памёр на крыжы, які ўваскрос і жыве са мною і ўва мне. Давяраючы моцы Яго прабачэння, дазваляючы, каб узяў мяне за руку, я магу выйсці з зыбкіх пяскоў пыхі і граху, падману і тугі, эгаізму і падманлівых формаў бяспекі — дзеля таго, каб пазнаць і жыць багаццем Яго любові». Пантыфік заўважыў, што Апостал Народаў з’яўляецца прыкладам належнай духоўнай паставы на экуменічным шляху да адзінства. «Не тое, каб я ўжо атрымаў гэта і ўжо стаў дасканалым, але я імкнуся атрымаць тое, дзеля чаго мяне здабыў Хрыстус Езус», — чытаем у Першым пасланні святога апостала Паўла да Філіпянаў. «Калі і мы дазволім Хрысту, каб увесь час нас навяртаў, то несумненна дойдзем да поўнага адзінства», — падкрэсліў Бэнэдыкт XVI. Паводле матэрыялаў Ватыканскага радыё |
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.