Старшыня Папскай рады «Cor Unum» пра крызіс бацькоўства |
Святы Айцец |
29.01.2009 16:36 |
Пра крызіс бацькоўства, які ўсё больш распаўсюджваецца ў сённяшнім свеце, выказаўся кардынал Паўль Ёзаф Кордэс — старшыня Папскай рады «Cor Unum». Спасылаючыся на рапарт каталіцкіх дабрачынных арганізацый, кардынал звярнуў увагу на тое, што ў ЗША 24 мільёны дзяцей жывуць без бацькі (у параўнанні з 10 мільёнамі ў 60-ыя гады XX ст.). У рапарце сцвярджаецца, што выхаваныя без бацькі хлопцы больш падвергнуты небяспецы таго, што будуць мець праблемы з законам, збягуць з дома ці скончаць жыццё самагубствам. «У сваю чаргу закон ЗША падрывае аўтарытэт бацькі, — заўважыў кардынал Кордэс, — паколькі згаджаецца на тое, каб гомасексуальныя пары выхоўвалі дзяцей, а адзінокія жанчыны маглі зацяжарыць у выніку штучнага апладнення». Дадатковай прычынай крызісу бацькоўства, на думку кардынала, з’яўляюцца і феміністычныя рухі, у выніку дзейнасці якіх адбыліся змены ў адносінах паміж жанчынамі і мужчынамі, і самаідэнтычнасць мужчыны пачала ўспрымацца як нейкі прадукт культуры. Крызіс бацькоўства пераносіцца і на адносіны з Богам. Узорным прыкладам адносінаў паміж айцом і сынам з’яўляюцца адносіны Бога Айца і Сына Божага. Хрыстус размаўляе з Богам як дзіця: простымі словамі, шчыра і сардэчна, што таксама пацвярджае ролю айца як таго, хто ўказвае дзіцяці правільны шлях і станоўча ўплывае на яго развіццё. Паводле матэрыялаў інфармацыйных агенцтваў
|