Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Кардынал Вальтэр Каспер прыме ўдзел у інтранізацыі новаабранага Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі
Святы Айцец
29.01.2009 19:05
1 лютага 2009 г. старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству кардынал Вальтэр Каспер накіруецца ў Маскву на ўрачыстую інтранізацыю новаабранага Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла. Па словах старшыні ватыканскага ведамства, у жыцці Рускай Праваслаўнай Царквы пачынаецца новы этап, які вызначыць новыя прасторы міжканфесійнага дыялога.

«Вялікаю заслугаю Алексія ІІ было адраджэнне Царквы пасля жудаснага перыяду камуністычнай дыктатуры. Былы ж Мітрапаліт Смаленскі і Калінінградскі ў размове з ватыканскім „міністрам па справах экуменізму“ выказаў перакананне, што неабходна таксама духоўнае аднаўленне», — адзначыў кардынал Вальтэр Каспер.

«Мы гатовы, мы моцна жадаем працягваць дыялог», — сказаў старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству. Кардынал Вальтэр Каспер прастору для дыялога бачыць у вырашэнні праблемаў культуры і грамадства. «Аднак гэтага не дастаткова, бо мэтаю экуменічнага руху з’яўляецца поўнае адзінства. Мы павінны працягваць таксама тэалагічны дыялог, які развіваецца ў межах Змешанай міжнароднай камісіі па справах тэалагічнага дыялога з удзелам усіх Праваслаўных Цэркваў», — падкрэсліў кардынал.

Змешаная міжнародная камісія па справах тэалагічнага дыялога была створана 30 лістапада 1979 г. сумесна Каталіцкім Касцёлам і Праваслаўнай Царквой. У канцы 80-х гг. яе праца была перарвана. Пасяджэнні былі адноўлены ў пачатку гэтага стагоддзя.

Паводле матэрыялаў інфармацыйных агенцтваў

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.