Апостальская Сталіца: паглыбленне дыялога з навукай у Год астраноміі |
Святы Айцец |
30.01.2009 18:38 |
«Год астраноміі з’яўляецца для Апостальскай Сталіцы каштоўнай нагодай для паглыблення дыялога», — адзначана ў афіцыйным паведамленні, абнародаваным падчас прэзентацыі ў прэс-службе Ватыкана ініцыятываў, звязаных са святкаваннем Года астраноміі. У сустрэчы прымалі ўдзел старшыня Папскай рады па культуры арцыбіскуп Джанфранко Равасі, дырэктар Ватыканскай астранамічнай абсерваторыі кс. Жазэ Габрыэль Фунэс, прэзідэнт Папскай акадэміі навук прафесар Нікаля Кабіббо. «Амаль ва ўсіх культурах і цывілізацыях назіранне за небам прасякнута глыбокім рэлігійным пачуццём. У руху планет і зямлі людзі шукалі адказу на свае самыя патаемныя пытанні. Таксама ў Бібліі захаваўся след гэтых старадаўніх ведаў, якія падкрэсліваюць стваральную моц Бога — з першых старонак Кнігі Быцця да пакланення трох каралёў, праз асабістую прыгоду Абрагама, які заўважаў у зорках на небе пэўны задатак Божых абяцанняў». «Галілей адкрыў чалавецтву новы свет, які да гэтай пары быў мала вядомы, пашыраючы межы нашых ведаў і змушаючы нас да паўторнага прачытання кнігі прыроды ў новым святле. Таму Касцёл жадае ўшанаваць памяць Галілея — геніяльнага наватара і сына Касцёла». Тым больш, што — як напісана ў дакуменце далей — надышоў час, каб нанава адкрыць постаць Галілея і яго справы. «Сёння, у атмасферы нашмат больш спакойнай, можам нарэшце глядзець на постаць Галілея і бачыць у ім веруючага, які ў кантэксце свайго часу спрабаваў спалучыць вынікі сваіх навуковых пошукаў з праўдамі хрысціянскай веры. З гэтага пункту гледжання Галілей заслугоўвае поўнага нашага прызнання і нашай удзячнасці», — чытаем у паведамленні прэс-службы Апостальскай Сталіцы. Паводле матэрыялаў інфармацыйных агенцтваў |