Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Бэнэдыкт XVI перасцерагае ад неабдуманага сцвярджэння несапраўднасці сужэнства
Святы Айцец
30.01.2009 20:26

Святы Айцец Бэнэдыкт XVI перасцерагае Трыбунал Рымскай Роты ад неабдуманага сцвярджэння, што сужэнства з’яўляецца несапраўдным па прычыне псіхічнай няздольнасці аднаго з бакоў выконваць сужэнскія абавязкі. У штогадовай аўдыенцыі для гэтага ватыканскага ведамства Пантыфік узняў праблему, якую 20 гадоў таму закранаў Ян Павел ІІ.

«Сапраўдная няздольнасць выконваць асноўныя сужэнскія абавязкі — гэта заўсёды нешта надзвычайнае, бо па прыродзе большасць людзей паклікана да жыцця ў сужэнстве і сям’і», — адзначыў Святы Айцец. Папа заклікаў да здаровага рэалізму ў абліччы тэндэнцый да прызнання няздольнасці шматлікіх асобаў да ахвяравання сябе ў саюзе жанчыны і мужчыны, а таксама падкрэсліў, што трэба зыходзіць з неабходнага мінімума, абавязковага для прыняцця такога рашэння.

«Суддзя ў такіх выпадках павінен звяртацца да меркавання экспертаў», — падкрэсліў Папа. — Суддзі касцёльных судоў павінны абараняць супольнасць вернікаў ад скандалу практычнага нішчэння каштоўнасцяў хрысціянскага сужэнства праз залішняе і амаль аўтаматычнае сцвярджэнне несапраўднасці сужэнства ў выпадку яго распаду з прычыны псіхічнай нясталасці або псіхічнай слабасці аднаго з бакоў».

Святы Айцец адзначыў, што выключна няздольнасць, а не адны толькі складанасці ў выражэнні згоды і ў будаванні сапраўднай супольнасці жыцця і любові, з’яўляецца важкай прычынай для сцвярджэння несапраўднасці сужэнства ад першага дня яго існавання.

«Для сцвярджэння сапраўднай псіхічнай няздольнасці (аднаго з сужэнцаў) неабходна мець доказы таго, што ў хвіліну заключэння сужэнства існавала асаблівая псіхічная анамалія, якая сур’ёзна парушае разумовыя працэсы», — падкрэсліў Пантыфік.

На думку Бэнэдыкта XVI, у сучаснай атмасферы антрапалагічнага песімізму распаўсюджана сцвярджэнне, што заключэнне сужэнства немагчыма або непрактычна. Святы Айцец заахвоціў душпастыраў дапамагаць маладым людзям адкрываць прыродны характар сужэнства і значэнне, якое яно мае ў плане збаўлення.

«Нягледзячы на тое, што чалавечая свабода абмежаваная і недасканалая, гэта не значыць, што яна не дазваляе стварыць сапраўднае сужэнства, на якім заснавана сямейнае жыццё», — падкрэсліў Бэнэдыкт XVI у сваёй прамове да Рымскай Роты.

Паводле матэрыялаў інфармацыйных агенцтваў

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.