Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Бэнэдыкт XVI пра сэнс цярпення і моц жыцця
Святы Айцец
03.02.2009 16:18
Паміраючы на крыжы, Езус праз сваю ахвяру і любоў надае сэнс чалавечаму цярпенню. У разважанні падчас нядзельнай малітвы «Анёл Панскі» Бэнэдыкт XVI гаварыў пра сэнс цярпення.

Святы Айцец звярнуўся да «месіянскага сакрэту», прадстаўленага ў Евангеллі святога Марка, якое чыталася ў гэтым годзе на нядзельных святых Імшах. Аздараўляючы хворых і выганяючы злых духаў, Езус забараняў ім гаварыць, што Ён — Хрыстус. «Езус адкупіў свет ад граху праз уласную ахвяру на крыжы, а не праз шлях чалавечага трыумфу», — заўважыў Пантыфік.

«„Моц жыцця — у цярпенні“ — менавіта гэтую тэму італьянскія біскупы выбралі дэвізам традыцыйнага паслання на Дзень жыцця, — нагадаў Святы Айцец. — Сэрцам я яднаюся з імі і іх словамі, у якіх заключана любоў пастыраў да вернікаў, а таксама адвага гаварыць праўду, адвага абвяшчаць яе дакладна і зразумела, напрыклад, што эўтаназія — гэта ілжывае вырашэнне драмы цярпення, выхад, не годны чалавека. Сапраўдным адказам не можа быць ахвяраванне „салодкай“ смерці, — але сведчанне пра любоў, якая дапамагае змагацца з цярпеннем і агоніяй па-чалавечы. Будзем упэўнены: кожная сляза — і тых, якія пакутуюць, і іх блізкіх, — вядомая Богу».

Святы Айцец даверыў Марыі ўсіх церпячых, а таксама тых, хто імі апякуецца, той Марыі, якая раздзяліла балесныя гадзіны мукі і ўкрыжавання свайго Сына.

Паводле матэрыялаў Ватыканскага радыё

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.