Ліст папы Бэнэдыкта XVI Патрыярху Маскоўскаму і ўсяе Русі Кірылу І |
Святы Айцец
|
03.02.2009 19:16 |
Святы Айцец Бэнэдыкт XVI скіраваў ліст да Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла І з нагоды яго інтранізацыі, якая адбылася 1 лютага 2009 г. у Маскве. Ліст Пантыфіка перадаў новаабранаму Патрыярху старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству кардынал Вальтэр Каспер.
Прадстаўнік Святога Айца таксама ўручыў Кірылу І келіх — сімвал жадання найхутчэйшага дасягнення «поўнай камуніі» паміж Каталіцкім Касцёлам і Праваслаўнай Царквою.
Тэкст ліста Бэнэдыкта XVI:
З радасцю віншую Вашу Святасць, бо прымаеце на сябе вялікую адказнасць, уступаючы на пасаду Пастыра шаноўнай Рускай Праваслаўнай Царквы. Ахвотна ўзгадваю добрую волю, якой характарызаваліся нашыя сустрэчы падчас Вашага служэння ў якасці старшыні Аддзела знешніх царкоўных сувязяў. З нагоды Вашай інтранізацыі жадаю запэўніць у сваёй пашане і духоўнай блізкасці. Малюся аб тым, каб Нябесны наш Айцец адарыў Вашу Святасць шчодрымі дарамі Духа Святога ў Вашым служэнні і даў здольнасць кіраваць Царквою ў любові і супакоі Хрыста.
Цяпер Вы, Ваша Святасць, з’яўляецеся наступнікам нашага ўмілаванага спачыўшага брата Яго Святасці Алексія ІІ, які пакінуў свайму народу глыбокую і трывалую спадчыну царкоўнага адраджэння і развіцця, вывеўшы Рускую Праваслаўную Царкву з доўгага і цяжкага перыяду цярпення ў час таталітарнай атэістычнай сістэмы да новай актыўнай прысутнасці і служэння ў сённяшнім грамадстве. Патрыярх Алексій ІІ вёў нястомную дзейнасць на карысць адзінства Рускай Праваслаўнай Царквы і камуніі з іншымі Праваслаўнымі Цэрквамі. У той жа час ён захаваў дух адкрытасці і супрацоўніцтва з іншымі хрысціянамі, асабліва з Каталіцкім Касцёлам, для абароны хрысціянскіх каштоўнасцяў у Еўропе і свеце. Я ўпэўнены, што Вы, Ваша Святасць, будзеце працягваць будаўніцтва на гэтым трывалым фундаменце дзеля дабра Вашага народа і ўсіх хрысціянаў.
Як старшыня Аддзела знешніх царкоўных сувязяў Вы, Ваша Святасць, адыгралі выдатную ролю ў распаўсюджванні новых адносін паміж нашымі Цэрквамі, адносін, якія абапіраюцца на сяброўстве, узаемнай падтрымцы і шчырым дыялогу ў вырашэнні цяжкасцяў нашага супольнага падарожжа. Маю шчырую надзею, што мы будзем працягваць супрацоўніцтва ў пошуку шляхоў у падтрымцы і ўмацаванні адзінства ў Целе Хрыста, у вернасці малітве нашага Збаўцы, «каб усе былі адно, каб паверыў свет» (пар. Ян 17, 21).
Усведамляючы велізарную адказнасць, якая спадарожнічае духоўнаму і пастырскаму служэнню, да якой Дух Святы паклікаў Вас, Ваша Святасць, я ізноў запэўніваю ў сваіх малітвах і братэрскай добразычлівасці. Я прашу Усемагутнага Бога, каб благаславіў Вас сваёю любоўю, каб чуваў над умілаванай Рускай Царквой і падтрымліваў біскупаў, святароў і ўсіх вернікаў у несумненнай надзеі, якою з’яўляецца наша надзея ў Езусе Хрысце.
Ватыкан, 28 студзеня 2009 г.
Бэнэдыкт XVI
|