Святы Айцец звярнуўся да кансэкраваных асобаў |
Святы Айцец |
03.02.2009 18:23 |
«Наследванне святога Паўла ў крочанні за Хрыстом — гэта надзейны шлях адказу на пакліканне да святарскага і манаскага жыцця», — з такімі словамі звярнуўся Бэнэдыкт XVI да ўдзельнікаў святой Імшы ў свята Ахвяравання Пана і XIII Дзень кансэкраванага жыцця, якую ўзначаліў прэфект Кангрэгацыі па справах Інстытутаў кансэкраванага жыцця і Таварыстваў апостальскага жыцця кардынал Франц Радэ CM. Пантыфік звярнуў увагу на тое, што «традыцыя Касцёла заўсёды бачыла ў святым Паўле айца і настаўніка для тых, каго Бог паклікаў і хто цалкам аддае сябе Яму і Яго Евангеллю». Святы Айцец падкрэсліў таксама, што прыклад святога Паўла ў наследванні Хрыста — гэта шлях адказу на пакліканне, гэта прыклад у паслухмянасці і місійнай дзейнасці: ён жыў для Хрыста, з Хрыстом і ў Хрысце. Напрыканцы гаміліі Бэнэдыкт XVI выказаў надзею, што Год святога Паўла ажывіць у кансэкраваных асобах намер прыняць сведчанне Апостала Народаў падчас штодзённага разважання Божага слова і малітвы. «Няхай яго прыклад дапаможа рэалізаваць ваша апостальскае служэнне ў Касцёле і з ім у духу безумоўнага адзінства, каб вы ўчынілі дар для іншых са сваіх харызматаў і давалі сведчанне ў першую чаргу галоўнага харызмату, якім з’яўляецца любоў, — заклікаў Святы Айцец. Паводле матэрыялаў інфармацыйных агенцтваў
|