Бэнэдыкт XVI пра сэнс посту |
Святы Айцец |
04.02.2009 18:20 |
2 лютага 2009 г. было абнародавана Пасланне Святога Айца на Вялікі пост, прысвечанае сэнсу і каштоўнасці посту. Бэнэдыкт XVI заахвочвае парафіі і касцёльныя супольнасці да аднаўлення індывідуальнага і супольнага практыкавання посту праз слуханне і чытанне Божага слова, малітву і ўчынкі міласэрнасці. Святы Айцец неаднаразова падкрэслівае вялікае значэнне частага і актыўнага ўдзелу ў Эўхарыстыі (асабліва ў нядзелю) і карыстання з сакрамэнту споведзі. Дадзенае Пасланне Бэнэдыкт XVI прысвяціў асаблівым чынам каштоўнасці і сэнсу посту. Пантыфік заўважае, што у сённяшняй культуры, падпарадкаванай пагоні за матэрыяльным дабрабытам, пост становіцца адзіным «тэрапеўтычным» сродкам даглядання ўласнага цела. «Захаванне посту, зразумела, падтрымлівае добры фізічны стан, але для вернікаў у першую чаргу ён становіцца „тэрапіяй“, якая лечыць усё, што робіць немагчымым спаўненне Божай волі», — піша Бэнэдыкт XVI. Ён таксама дадае, што пакаянне можа дапамагчы нам перамагаць эгаізм, адкрываць сэрца на любоў Бога і бліжняга. Захаванне посту можа набыць і грамадскае значэнне: ён дапамагае нам усвядоміць, у якой сітуацыі жывуць многія людзі. Адмаўляючыся ад чагосьці дзеля дапамогі іншым, мы сведчым тым самым, што бліжні, які перажывае цяжкасці, нам неабыякавы. «Няхай Вялікі пост дапаможа кожнай сям’і і хрысціянскай супольнасці аддаліцца ад усяго, што знішчае дух, і адкрыцца на любоў Бога і бліжняга», — заклікае Святы Айцец у сваім Пасланні на Вялікі пост. Паводле матэрыялаў інфармацыйных агенцтваў
|