Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Старшыня Папскай рады «Cor Unum» аб праблеме культу цела |
Святы Айцец |
05.02.2009 16:46 |
Старшыня Папскай рады «Cor Unum» кардынал Паўль Ёзаф Кордэс перасцерагае ад моднага культу цела, які мае выраз у велізарных сумах, якія выдаткоўваюцца на гэтую мэту. Падчас прэзентацыі сёлетняга велікапоснага паслання Бэнэдыкта XVI, кардынал Кордэс заклікаў да адкрыцця глыбокага сэнсу хрысціянскага посту. Старшыня ватыканскага ведамства, праца якога накіравана на апеку над бяднейшымі жыхарамі свету, адзначыў, што «аж дух займае ад таго, як моцна распаўсюдзіліся сучасныя „святыні“ даглядання за целам». У Італіі за 2006 г. самыя разнастайныя салоны прыгажосці наведвалі каля 8 мільёнаў чалавек, а сумма іх выдаткаў склала 15 мільярдаў еўра. Іерарх заўважыў, што «парадаксальна няўстрыманы догляд за целам у пэўны момант можа прывесці да яго аслаблення і прычыніць чалавеку шкоду». З іншага боку, «патрэбы цела» могуць стаць прычынаю абмежавання свабоды чалавека, які будзе не ў стане ўсіх гэтых патрэбаў заспакоіць і «цела стане тыранам». Кардынал заклікаў бачыць не толькі матэрыяльны аспект беднасці. На думку іерарха, гэта было б праяваю павярхоўнасці, калі б падрыхтоўка да Вялікадня «абмяжоўвалася заклікам складаць матэрыяльную ахвяру». Старшыня Папскай рады «Cor Unum» таксама падкрэсліў, што папа Бэнэдыкт XVI жадае, «каб мы далі столькі, сколькі зэканомілі на тым, што „добрае і карыснае“». «Аднак гэты ўчынак павінен мець для вернікаў хрысціянскі сэнс: устрыманне ўласнага „я“ павінна азначаць стварэнне месца ахвяры самога сябе для Бога, бо толькі Ён, у апошнім разлічэнні, з’яўляецца тым шчасцем, якога мы прагнем», — лічыць кардынал Паўль Ёзаф Кордэс. Паводле матэрыялаў wiara.pl |
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.