Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Бэнэдыкт XVI: прыклад святога Паўла — імпульс да развіцця веры
Святы Айцец
05.02.2009 15:51
«Прыклад і вучэнне святога можа быць імпульсам і нават гарантыяй узмацнення хрысціянскай самасвядомасці кожнага з нас, а таксама амаладжэння ўсяго Касцёла», — адзначыў Бэнэдыкт XVI падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане 4 лютага 2009 г. У гэты дзень Святы Айцец завяршыў цыкл катэхезаў, прысвечаных асобе Апостала Народаў. Тэма заключнай катэхезы — «Смерць Апостала Паўла і яго спадчына».

Паводле традыцыі Касцёла лічыцца, што мучаніцкую смерць святы Павел прыняў у Рыме. Аднак Новы Запавет не дае апісання гэтага факта. Больш падрабязную інфармацыю знаходзім у рукапісах ранняга хрысціянства. Славутым сведчаннем з’яўляецца ліст біскупа Рымскага Клімента, скіраваны да Касцёла ў Карынце (канец І стагоддзя), у якім апісваецца мучаніцкая смерць святога Паўла.

Дакладнае апісанне здарэнняў даецца ў «Дзеях Паўла», напісаных у канцы ІІ стагоддзя. Паводле крыніц, Апостал Народаў, атрымаўшы прысуд ад Нерона, быў забіты мечам у часы пераследу хрысціянаў паміж 64 і 68 гг. у горадзе, які сёння называецца Трэ Фантанэ, што ў перакладзе азначае «тры крыніцы». Апостал быў пахаваны на месцы старога некропаля.

У гісторыі хрысціянства святы Павел з’яўляецца выключнай асобай. Пасля сябе Апостал Народаў пакінуў незвычайную спадчыну. Для адных святы Павел быў выдатным місіянерам, настаўнікам мудрасці, містыкам. Для іншых — адступнікам ад Закону, ворагам і паклёпнікам. Ён быў неаспрэчным аўтарытэтам для такіх хрысціянскіх пісьменнікаў, як святы Ян Хрызастом, святы Тамаш Аквінскі і інш.

На працягу ўсіх стагоддзяў яго пасланні з’яўляліся прадметам даследавання і навуковых роздумаў. У ХІХ ст. асоба Апостала Народаў, яго вучэнне і заснаваныя Касцёлы становяцца прадметам новых даследаванняў. У Каталіцкім Касцёле місія святога Паўла дала пачатак шматлікім рухам і рэлігійным супольнасцям, якія застаюцца вернымі яго вялікай спадчыне.

«Няхай вучэнне вялікага Апостала Народаў, сведчанне яго жыцця дапамагаюць захоўваць хрысціянскую самасвядомасць кожнаму з нас і ўсёй супольнасці Касцёла», — пажадаў Святы Айцец на заканчэнне катэхезы.

Паводле матэрыялаў інфармацыйных агенцтваў

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.