Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Бэнэдыкт XVI пра сэнс хваробы і цярпення |
Святы Айцец |
09.02.2009 17:01 |
Пра сэнс і каштоўнасць хваробы ў кожнай сітуацыі чалавечага жыцця разважаў Бэнэдыкт XVI падчас малітвы «Анёл Панскі» 8 лютага 2009 г. Святы Айцец адзначыў, што, хоць хвароба з’яўляецца часткаю чалавечага жыцця, да яе, аднак, немагчыма прызвычаіцца. І не толькі таму, што часам хвароба цяжкая і сур’ёзная, але перш за ўсё таму, што чалавек створаны для жыцця. «Нават унутраны інстынкт падказвае чалавеку, што Бог з’яўляецца паўнатою жыцця», — адзначыў Пантыфік. Перад абліччам зла і цярпення людзі, аднак, падаюць духам, сумняваюцца ў дзейнасці сваіх малітваў і пытаюць: якая Божая воля? Бэнэдыкт XVI заўважыў, што адказ на гэтае пытанне дае Евангелле, дзе апавядаецца пра тое, як Хрыстус лечыць усялякія хваробы чалавека. «Езус не пакідае сумненняў: Бог, аблічча якога Ён сам нам аб’явіў, з’яўляецца Богам жыцця, — гаварыў Папа. — Ён вызваляе нас ад усялякага зла. Знакамі гэтай моцы Яго любові з’яўляюцца здзейсненыя Ім аздараўленні: праз іх Ён паказвае, што Божае Валадарства блізка і вяртае людзей да поўнага здароўя душы і цела. Гэтыя аздараўленні, варта адзначыць, з’яўляюцца знакамі. Яны вядуць нас да Хрыста і да Бога, дапамагаюць нам зразумець, што сапраўднай і самай глыбокай хваробаю чалавека з’яўляецца непрысутнасць Бога — крыніцы праўды і любові. Толькі камунія з Богам можа даць нам сапраўднае аздараўленне, сапраўднае жыццё, бо жыццё без любові і без праўды не было б жыццём. Божае Валадарства — гэта менавіта прысутнасць праўды і любові, аздараўленне ў глыбіні нашага „я“». «Справа Хрыста працягваецца ў місіі Касцёла праз Духа Святога», — падкрэсліў Святы Айцец. Сам Хрыстус дае сябе ў сакрамэнтах вялікаму мноству вернікаў. Ён аздараўляе і суцяшае хворых праз разнародныя сеткі службы аховы здароўя, якімі кіруюць хрысціянскія супольнасці. «Як жа шмат хрысціянаў — святароў, законнікаў і свецкіх асобаў — аддавалі і аддаюць свае рукі, вочы і сэрцы Хрысту — сапраўднаму лекару целаў і душаў!», — заўважыў Бэнэдыкт XVI у сваёй катэхезе, прысвечанай сэнсу хваробы і цярпенняў. Паводле матэрыялаў Ватыканскага радыё |
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.