Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
11 лютага — Сусветны Дзень хворага
Святы Айцец
10.02.2009 21:04
Цярпенні і хваробы дзяцей, а таксама сітуацыя іх сем’яў — галоўныя тэмы Паслання Святога Айца на ХVІІ Сусветны Дзень хворага, які з 1993 г. па традыцыі адзначаецца 11 лютага. Ініцыятарам гэтага дня быў Папа Ян Павел ІІ. Звычайна Дзень хворага адзначаўся ў марыйных санктуарыях у розных кутках свету, а ў гэтым годзе яго святкаванне мае дыяцэзіяльны характар.

«У бягучым годзе звяртаем нашую ўвагу асабліва на дзяцей — на стварэнні найслабейшыя і безабаронныя, а сярод іх і на дзяцей хворых і церпячых. Гэта маленькія чалавечыя істоты, якія носяць у сваім целе хваробы, што выклікаюць калецтва, а таксама тыя, хто вядзе барацьбу з яшчэ невылечнымі хваробамі, — піша ў сваім Пасланні Бэнэдыкт XVI. — Гэта дзеці, целы і душы якіх паранены з-за канфліктаў і войнаў, а таксама нявінныя ахвяры нянавісці бяздумных дарослых. Гэта „дзеці вуліцы“, пазбаўленыя сямейнага цяпла. (...) Усе гэтыя дзеці падымаюць нямы крык болю, які павінен крануць нашыя сумленні».

Пантыфік нагадвае, што «Касцёл з’яўляецца сям’ёю Божаю ў свеце», пра што ён ужо пісаў у сваёй энцыкліцы «Бог ёсць любоў» («Deus Caritas est»): «У гэтай сям’і не павінна быць нікога, хто цярпеў бы з-за недахопу таго, што неабходна».

«На Крыжы быў прыбіты „Адкупіцель чалавека“, Чалавек болю, які прыняў на сябе фізічныя і маральныя цярпенні людзей усіх часоў, каб у любові яны маглі адшукаць збавенны сэнс сваіх цярпенняў і каштоўнасныя адказы на свае пытанні», — цытуе Пантыфік свайго Папярэдніка Яна Паўла ІІ, які даў «надзвычайны прыклад цярплівага прыняцця цярпенняў».

На заканчэнне Святы Айцец выражае сваю блізкасць да ўсіх хворых, а асабліва да хворых дзяцей, і ўдзяляе ім сваё пастырскае благаслаўленне, а таксама даручае апецы Найсвяцейшай Дзевы — Аздараўлення хворых.

Паводле матэрыялаў інфармацыйных агенцтваў

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.