Да правядзення палітыкі, больш арыентаванай на карысць сям’і, заклікаў Дзяржаўны сакратар Яго Святасці папы Бэнэдыкта XVI кардынал Тарчызіо Бэртонэ паслоў краінаў Еўрасаюза, акрэдытаваных пры Апостальскай Сталіцы. Іерарх падкрэсліў, што стабільнасць сям’і мае істотнае значэнне для будавання згуртаванасці і стабільнасці грамадства.
У гэтым кантэксце неабходна падтрымка трываламу сужэнству жанчыны і мужчыны, якое дае грамадству значна больш, чым нефармальныя саюзы або «мадэль» самотнай маці.
Трывалае сужэнства забяспечвае лепшыя магчымасці для выхавання дзяцей, варта падкрэсліць таксама значна большую магчымасць прафесійнага поспеху, а таксама меншы ўзровень злачыннасці, меншую рызыку алкагольнай і наркатычнай залежнасцяў. Нельга абмінаць і такіх фактараў, як больш трывалае псіха-фізічнае здароўе дзяцей і бацькоў у здаровай сям’і, а таксама іх меншую схільнасць да дэпрэсіі. «Гэта ў інтарэсах грамадства — дапамагаць здаровай сям’і, пабудаванай на аснове сужэнства жанчыны і мужчыны», — адзначыў кардынал Тарчызіо Бэртонэ.
У сваёй прамове да паслоў краінаў Еўрасаюза Дзяржаўны сакратар Яго Святасці закрануў таксама праблему змяншэння плоднасці і старэння нашага кантынента, што, у сваю чаргу, выклікае грамадскую напружанасць, а таксама вядзе да краху сістэмаў сацяльнай бяспекі і аздараўляльнага забеспячэння. Іерарх адзначыў існуючую несправядлівасць у фінансаванні еўрапейскай грамадскай мадэлі за кошт будучых пакаленняў і заклікаў да ўзбуджэння і шанавання салідарнасці паміж пакаленнямі.
«У свеце, якому неабходны пераканаўчыя сведчанні, шматдзетныя сем’і з’яўляюцца найбольш бачнай і пераканаўчай праявай даверу жыццю, будучыні, а таксама жыццяздольнасці нашай культуры», — падкрэсліў кардынал Тарчызіо Бэртонэ.
Паводле матэрыялаў інфармацыйных агенцтваў
|