Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Ватыкан: смерць Элуаны павінна схіліць да роздуму над правам на жыццё |
Святы Айцец |
11.02.2009 19:31 |
«Смерць Элуаны павінна абудзіць нашыя сумленні. Мы павінны зразумець, што права на жыццё з’яўляецца каштоўнасцю абсалютна бясспрэчнай», — так пракаментаваў смерць 38-гадовай італьянкі кардынал Хав’ер Ласано Барраган. Старшыня Папскай Рады пастырства работнікаў сферы аховы здароўя падкрэсліў, між іншым, што неабходна высветліць прычыны нечаканай смерці жанчыны. Кардынал Жозэ Сараіва Марцінш, прэфект Кангрэгацыі па справах Кананізацыі на пенсіі, як і многія іншыя, адназначна акрэслівае смерць Элуаны Энгларо як забойства і першы выпадак эўтаназіі ў Італіі: «Была забіта нявінная асоба, не здольная абараніць сябе». «Цяпер, калі Элуана адышла ў вечнасць, — паведаміў дырэктар ватыканскага прэс-бюро кс. Фэдэрыко Ламбардзі, — мы маем надзею, што гэтае здарэнне, якое выклікала шмат дыскусій, схіліць усіх нас да ўраўнаважанай рэфлексіі і адказнага пошуку лепшых шляхоў суіснавання — з належнай пашанай да права на жыццё, з любоўю і клопатам да найслабейшых асобаў». Ксёндз Фэдэрыко Ламбардзі падкрэсліў, што абставіны, пры якіх памерла Элуана, павінны напаўняць нас смуткам. «Неабходна, каб італьянцы распачалі барацьбу за права на жыццё. Барацьбу, якая ў выніку закрые шлях эўтаназіі, каб тое, сведкамі чаго мы сталі, больш ніколі не паўтарылася», — пракаментаваў драматычны лёс Элуаны былы старшыня Папскай акадэміі «Pro Vita». 10 лютага 2009 г. у італьянскім горадзе Лекко — у бальніцы, дзе сёстры законыя на працягу больш дзесяці гадоў апекаваліся Элуанай, — адбылася цэлебрацыя святой Імшы ў інтэнцыі душы памерлай. У выніку палітычных спрэчак, якія выклікала смерць Элуаны Энгларо, парламент Італіі на два тыдні спыніў працу над законам аб урэгуляванні пытання біялагічнага тэстамэнту асобаў, якія знаходзяцца ў вегетатыўным стане. Варта адзначыць, што праект гэтага закона ўжо шмат разоў накіроўваўся на разгляд у парламент, аднак так і не быў прыняты. У Італіі налічваецца больш за 2 тысячы асобаў, якія знаходзяцца ў вегетатыўным стане. Паводле матэрыялаў Ватыканскага радыё |
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.