Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Святы Айцец пра навучанне святога Яна Лествічніка (Клімакуса) |
Святы Айцец |
11.02.2009 20:58 |
Пасля 20 катэхезаў, прысвечаных постаці святога Апостала Паўла, Бэнэдыкт XVI вярнуўся да прадстаўлення вялікіх аўтараў духоўнага жыцця І тысячагоддзя хрысціянства. 11 лютага 2009 г. падчас агульнай аўдыенцыі Святы Айцец распавёў пра святога Яна Клімакуса (каля 575–650 гг.). Святы Ян Клімакус (ад грэцк. — «той, хто ідзе ўгору») з’яўляецца адным з найбольш папулярных усходніх пісьменнікаў-аскетаў. За багатыя веды і мудрасць яго называлі Схаластыкам. Галоўная праца святога — «Лесвіца». Ва ўзросце 16 гадоў ён стаў манахам у кляштары на гары Сінай. Пазней пачаў весці пустэльніцкае жыццё ў падножжа гары, на якой Майсей сустрэўся з Богам. Твор Яна Клімакуса «Лесвіца» — гэта збор вучэнняў айцоў-пустэльнікаў, хоць у асноўным ў ім змешчаны ўнутраны вопыт аўтара. Па словах Пантыфіка, гэты твор належыць да класічных прац усходняй духоўнасці. Сінайскі аскет сцвярджаў, што духоўнае развіццё чалавека складаецца з вялікай колькасці этапаў, якія вядуць ажно да містычнага стану, да поўнай лучнасці з Богам. Ян Клімакус даў апісанне шляху духоўнага развіцця, які вядзе ўверх праз трыццаць ступеняў «духоўнай лесвіцы». Яе асноўныя этапы вызначаюць тры фазы: разрыў са светам, каб вярнуцца да евангельскага стану, да стану духоўнага дзяцінства; духоўная барацьба з неўпарадкаванымі жаданнямі, якая пры дапамозе Духа Святога павінна весці да ачышчэння пачуццяў, каб яны ператварыліся ў пазітыўную сілу, якой жадаў Стварыцель; развіццё цнотаў, імкненне да ўнутранага супакою і нястомнай пашаны Бога. Супакой душы — гэта панаванне над уласнымі думкамі і ўнутраная непахіснасць. «Асабліва для мяне важна тое, што вяршыняй лесвіцы з’яўляюцца базавыя цноты: вера, надзея і любоў. Яны даступны не толькі маральным „героям“, але з’яўляюцца дарам Бога, у якім таксама ўзрастае нашае жыццё. (...) Увесь шлях вядзе да поўнай, больш радыкальнай рэалізацыі веры, надзеі і любові», — адзначыў Бэнэдыкт XVI, а таксама падкрэсліў, што надзея робіць нас здольнымі да любові. Паводле матэрыялаў інфармацыйных агенцтваў |
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.