Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Бэнэдыкт XVI да хворых: у Хрысце знайсці адказ на таямніцу болю і смерці
Святы Айцец
12.02.2009 20:09
«Вера дапамагае нам пазнаць, што чалавечае жыццё прыгожае і годнае таго, каб перажываць яго ў паўнаце нават у той час, калі яно зламана хваробай», — з такімі словамі звярнуўся Святы Айцец Бэнэдыкт XVI да хворых, якія 11 лютага 2009 г. прыбылі ў ватыканскую базыліку, каб прыняць удзел у літургіі ў дзень успаміну Маці Божай з Люрда.

Святую Імшу ў базыліцы Святога Пятра ў Сусветны дзень хворага ўзначаліў кардынал Хав’ер Ласано Барраган, старшыня Папскай рады пастырства работнікаў сферы аховы здароўя.

Пасля святой Эўхарыстыі з яе ўдзельнікамі сустрэўся папа Бэнэдыкт XVI. У сваёй прамове Пантыфік спаслаўся на сваё сёлетняе Пасланне на Дзень хворага: «Калі ў нас не хапае словаў у адносінах да дарослага чалавека, які церпіць, то што сказаць, калі пакрыўджаны нявінныя — самыя маленькія? Як жа ўбачыць у такіх цяжкіх сітуацыях любоў міласэрнага Бога, які ніколі не пакідае сваіх дзяцей у час выпрабавання?». Святы Айцец адзначыў, што «адказаць на гэтае пытанне нам дапамагае вера», а таксама дадаў: «Бог стварыў чалавека для шчасця і жыцця, але з-за граху з’явіліся хвароба і смерць. Аднак мы не застаемся адны. Хрыстус праз сваю муку ўзяў на сябе і да глыбіні перамяніў нашу слабасць».

«Мы ўсё лепш разумеем, што жыццё чалавека не з’яўляецца маёмасцю, якою мы можам распараджацца, але з’яўляецца каштоўным скарбам, — падкрэсліў Святы Айцец. — Неабходна яго сцерагчы і клапаціцца пра яго як мага больш уважліва ад самага пачатку ажно да апошняга, натуральнага спаўнення. Жыццё — гэта таямніца, якая сама па сабе патрабуе адказнасці, любові, цярплівасці, міласэрнасці з боку ўсіх і кожнага паасобку. Тым больш небходна атуляць клопатам і пашанай хворых і церпячых. Гэта не заўсёды проста. Аднак мы ведаем, дзе можна пачарпнуць адвагу і цярплівасць, каб быць у стане пераносіць няшчасці зямнога існавання, асабліва хваробы і ўсялякія цярпенні. Для нас, хрысціянаў, адказ на таямніцу болю і смерці — у Хрысце».

«Кожная святая Імша з’яўляецца сталым увекавечваннем укрыжаванага і ўваскрослага Хрыста, які перамог зло ўсемагутнасцю сваёй любові», — сцвердзіў Бэнэдыкт XVI, а таксама падкрэсліў, што ў «школе» Хрыста Эўхарыстычнага мы вучымся заўсёды любіць жыццё і пагаджацца з нашай бязраднасцю перад цярпеннямі і смерцю.

Паводле матэрыялаў Ватыканскага радыё

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.