Бэнэдыкт XVI: Касцёл жадае развіваць адносіны з юдэямі |
Святы Айцец |
13.02.2009 19:17 |
12 лютага 2009 г. падчас сустрэчы з дэлегацыяй Канферэнцыі старшыняў галоўных амерыканкіх габрэйскіх арганізацый Святы Айцец запэўніў у жаданні хрысціянаў развіваць адносіны з юдэямі. Бэнэдыкт XVI нагадаў, што сам ён рыхтуецца да візіту ў Ізраіль — на зямлю, якая «аднолькава святая як для хрысціянаў, так і для юдэяў, бо менавіта там — карані нашай веры». «З першых дзён хрысціянства наша самасвядомасць, а таксама кожны аспект жыцця і культу быў сцісла звязаны са старажытнай рэлігіяй вашых айцоў у веры», — адзначыў Пантыфік. Святы Айцец нагадаў, што на працягу дзвюх тысяч гадоў адносіны паміж юдаізмам і хрысціянствам прайшлі розныя стадыі. Аднак «цяпер, здольныя сустрэцца ў духу прымірэння, мы не можам дазволіць, каб цяжкасці мінулых часоў перашкодзілі нам па-сяброўску працягваць руку адно аднаму», — сцвердзіў Бэнэдыкт XVI. Акрамя таго Пантыфік узгадаў «Дэкларацыю аб адносінах Касцёла да нехрысціянскіх рэлігій», дзе гаворыцца аб непрыняцці любых праяваў антысемітызму, аб жаданні будаваць добрыя і трывалыя адносіны паміж абедзвюма супольнасцямі. «Ад усяго сэрца прагну, каб сяброўства, якім мы цяпер цешымся, яшчэ больш узмацнялася, а нязменнае жаданне Касцёла падтрымліваць гарманічныя і поўныя павагі адносіны з народам Запавету прынесла шчодры плён», — пажадаў Святы Айцец. Паводле матэрыялаў інфармацыйных агенцтваў
|