Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Бэнэдыкт XVI: праказа як сімвал граху
Святы Айцец
16.02.2009 17:04
Грэх аддаляе чалавека ад Бога і урэшце можа прывесці да смерці яго душы — 15 лютага 2009 г. падчас малітвы «Анёл Панскі» Святы Айцец Бэнэдыкт XVI закрануў тэму сапраўднай хваробы чалавека, якою з’яўляецца грэх.

«Сённяшняе Евангелле ўказвае нам на Езуса, які, аздараўляючы пракажонага, схіляецца над чалавечай нядоляй, хваробай, цярпеннем. Ён чыніць гэта з любоўю, бескарысліва, далікатна. Будзем жа, сустракаючыся з чалавечай бядою, наследаваць Хрыста, несучы бліжнім канкрэтную дапамогу ў іх нястачы, скіроўваючы да іх словы падтрымкі і суцяшэння», — заклікаў Святы Айцец.

Пантыфік звярнуў увагу на тое, што ў часы Хрыста праказа лічылася самай сур’ёзнай формай нячыстасці, а чалавек, хворы на яе, выключаўся з грамадства. Гэта азначала смерць рэлігійную і грамадскую, а магчымае аздараўленне лічылася амаль што змёртвыхпаўстаннем.

«У праказе можна ўбачыць сімвал граху, сапраўднай нячыстасці сэрца, здольнай аддаліць ад Бога», — заўважыў папа Бэнэдыкт XVI, а таксама падкрэсліў, што не фізічная хвароба аддаляе чалавека ад Бога, але духоўнае і маральнае зло.

«Грахі, якія мы чынім, аддаляюць нас ад Бога, — казаў Пантыфік. — Калі мы не вызнаем іх у пакоры, з даверам да Божай міласэрнасці, яны могуць урэшце давесці душу да смерці. Аздараўленне пракажонага мела сімвалічнае значэнне. Езус, паводле прароцтва Ісаі, з’яўляецца Слугою Божым, які, абцяжараны нашым цярпеннем, нёс наш боль. Падчас мукі Ён стане як пракажоны, прызнаны нячыстым за нашы грахі і адлучаны ад Бога. Усё гэта Ён зробіць з любоўю, каб дасягнуць паяднання, прабачэння і збаўлення. У сакрамэнце пакаяння ўкрыжаваны і ўваскрослы Хрыстус праз пастрэдніцтва святароў ачышчае нас бясконцай міласэрнасцю, вяртае камунію з Айцом Нябесным і братамі, ахвяруе нам сваю любоў, радасць і супакой».

Святы Айцец заахвоціў кожнага хрысціяніна як мага часцей прыступаць да сакрамэнту пакаяння і паяднання, які мае незаменнае значэнне для хрысціянскага жыцця.

Паводле матэрыялаў Ватыканскага радыё

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.