Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Святы Бэда Вялебны — апякун хрысціянскай Еўропы |
Святы Айцец |
18.02.2009 20:43 |
Постаці, вучэнню і пасланню святога Бэды Вялебнага, які жыў у Англіі на мяжы VII i VIII стст., 18 лютага 2009 г. Святы Айцец Бэнэдыкт XVI прысвяціў сваю чарговую катэхезу. Пантыфік нагадаў, што Бэда Вялебны ўнёс свой уклад у біблістыку, спалучаючы даслоўнае чытанне Святога Пісання з усведамленнем яго адзінства. Бэда Вялебны быў адным з першых, хто ў Сярэднявеччы пачаў сур’ёзна займацца тэалогіяй як навукай. Паводле яго вучэння, як Стары, так і Новы Запаветы неабходна чытаць у святле аднаго Божага Слова — Езуса Хрыста. Святы вельмі цікавіўся гісторыяй Касцёла, якую ён лічыў справаю Духа Святога. Менавіта дзякуючы Бэду Вялебнаму наступіў пералом у канструкцыі календара, і летазлічэнне пачалося ад Нараджэння Хрыста. Бэнэдыктынскі вучоны быў таленавітым настаўнікам і рэлігійным дзеячам, які шмат зрабіў для аднаўлення манаскага і касцёльнага жыцця ў тагачаснай Англіі. Святы Бэда, гаворачы пра Касцёл, указваў на такія яго якасці, як каталіцкасць (г. зн. адзінства ў разнастайнасці), апостальскі і рымскі характар. Святы Айцец адзначыў, што пасланне гэтага айца Касцёла застаецца актуальным для розных «узроўняў хрысціянскага жыцця», асабліва для вучоных, душпастыраў, кансэкраваных асобаў, людзей свецкіх і бацькоў. Вучоным, напрыклад, Бэда нагадвае пра два асноўных заданні: паглыбленне ў цуд Божага слова, а таксама прадстаўленне дагматычных праўдаў такім чынам, каб пазбягаць ерасі і ўказваць на «каталіцкую прастату». Кансэкраваным асобам Бэда Вялебны даручае клопат пра апостальства: праз супрацоўніцтва з біскупамі ў разнастайнай душпастырскай дзейнасці на карысць маладых хрысціянскіх супольнасцяў або таксама праз гатоўнасць да евангелізацыйных місій сярод язычнікаў далёка ад роднай краіны. Святы Бэда Вялебны заахвочвае свецкіх да трывалага развіцця ў веры, а бацькам тлумачыць, што нават у сям’і яны могуць выконваць святарскае служэнне як душпастыры і правадыры, выхоўваючы дзяцей па-хрысціянску. Бэнэдыкт XVI адзначыў, што святы Бэда Вялебны ўнёс вялікі ўклад у будову хрысціянскай Еўропы. «Молімся, каб мы былі гатовы знайсці нашы хрысціянскія карані, каб быць будаўнікамі хрысціянскай і глыбока гуманітарнай Еўропы», — заклікаў Святы Айцец. Паводле матэрыялаў інфармацыйных агенцтваў |
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.