Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Бэнэдыкт XVI заклікае маліцца за Касцёл у Афрыцы
Святы Айцец
20.02.2009 16:33
«Каб Касцёл у Афрыцы знайшоў адэкватныя шляхі і сродкі для прымірэння, справядлівасці і міру паводле ўказанняў ІІ Спецыяльнай Асамблеі для Сіноду Біскупаў Афрыкі», — так гучыць інтэнцыя місійнай малітвы Бэнэдыкта XVI на месяц люты.

Такім чынам Святы Айцец падкрэслівае важнасць гэтай падзеі для ўсяго Каталіцкага Касцёла. Як вядома, праз месяц Папа здзейсніць сваё першае апостальскае падарожжа на афрыканскі кантынент.

ІІ Спецыяльная Асамблея для Сіноду Біскупаў Афрыкі будзе праходзіць у Ватыкане з 4 па 25 кастрычніка гг. на тэму «Касцёл у Афрыцы ў служэнні справе прымірэння, справядлівасці і міру. „Вы — соль зямлі... Вы — святло для свету“». Пасяджэнню будзе папярэднічаць апостальскі візіт Папы ў Камерун і Анголу, які адбудзецца з 17 па 23 сакавіка гг.

Ад самага пачатку свайго Пантыфікату Бэнэдыкт XVI неаднаразова прысвячаў свае разважанні афрыканскаму кантыненту. 13 мая 2005 г., між іншым, Пантыфік адзначыў выключнае чалавечае і духоўнае багацце Афрыкі, а таксама падкрэсліў адказнасць Еўропы, «якая экспартавала не толькі веру ў Хрыста, але таксама і ўсе парокі старога кантынента».

У сваім апошнім Пасланні на Сусветны дзень міру Святы Айцец Бэнэдыкт XVI заклікаў багатыя краіны не замыкацца ў сваім эгаізме, каб афрыканскія краіны маглі мець «тыя ж магчымасці доступу да сусветнага рынку, пазбягаючы выключэнняў і маргіналізацыі».

Паводле матэрыялаў Ватыканскага радыё

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.