Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Грэх — праява духоўнага паралічу
Святы Айцец
23.02.2009 18:50
Грэх з’яўляецца родам духоўнага паралічу. Чалавек можа падняцца пасля яго і выйсці на шлях дабра толькі дзякуючы Божай міласэрнасці. На гэта звярнуў увагу Святы Айцец Бэнэдыкт XVI падчас разважання да малітвы «Анёл Панскі» ў нядзелю 22 лютага 2009 г.

У сваім разважанні Папа звярнуўся да зместу нядзельнага Евангелля пра аздараўленне спаралізаванага. Фізічнае аздараўленне сведчыць пра духоўнае аздараўленне, якое з’яўляецца вынікам спазнанага прабачэння.

«Евангелле сённяшняй нядзельнай літургіі паказвае Езуса, які схіляецца над чалавечай слабасцю і адпускае грахі. З вялікай верай у Яго міласэрнасць і з надзеяй набліжаемся да Вялікага посту — часу пакуты і ласкі, — адзначыў Святы Айцец. — Гэтая евангельская аповесць паказвае, што Езус мае ўладу не толькі аздараўляць хворае цела, але таксама адпускаць грахі, больш за тое, аздараўленне фізічнае з’яўляецца знакам духоўнага аздараўлення, якое дае Яго прабачэнне».

«У літургіі Касцёла сёння прыпадае свята Катэдры святога Пятра. У Рыме яно адзначалася ўжо ў IV стагоддзі. Пашыранае на ўвесь Касцёл, яно нагадвае, што Апостальская Сталіца з’яўляецца асновай адзінства, — казаў Святы Айцец. — У касцёльнай супольнасці правамоцна існуюць партыкулярныя Касцёлы, якія маюць свае традыцыі. Пры гэтым некранутым застаецца першынство Пятровай Сталіцы, якая стаіць на чале ўсёй супольнасці любові» (Lumen gentium, 13).

На заканчэнне сваёй катэхезы Бэнэдыкт XVI папрасіў аб малітве ў яго інтэнцыі, каб верна мог спаўняць абавязкі, звязаныя са служэннем Наступніка Пятра.

Паводле матэрыялаў Ватыканскага радыё

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.