Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Арцыбіскуп Джанфранко Равасі пра ўплыў мас-медыя на свядомасць чалавека
Святы Айцец
25.02.2009 20:48
«Мудры ведае, што гаворыць; неразумны гаворыць тое, што ведае» — гэтай габрэйскай прымаўкай арцыбіскуп Джанфранко Равасі, старшыня Папскай рады па культуры, завяршыў сёння сваю лекцыю ва універсітэце La Sapienza у Рыме.
 
Арцыбіскуп Джанфранко Равасі, вядомы бібліст і эрудыт, спрабаваў адказаць на пытанне, да якой ступені ўплыў сродкаў масавай інфармацыі абмяжоўвае здольнасць чалавека думаць і мець сваё меркаванне, а таксама дзе знаходзіцца мяжа паміж уплывам і маніпуляцыяй.

На думку старшыні Папскай рады па культуры, тэлебачанне, якое спрашчае і робіць банальным мысленне, скажае пачуццё эстэтыкі і этыкі, «усыпляе крытыцызм і стварае заменнікі». У гэтым можна абвінаваціць таксама Інтэрнэт, бо, сутыкаючыся з акіянам інфармацыі і дадзеных, у чалавека складваецца меркаванне, што «ўсё аднолькавае і ўсё можна памнажаць да бясконцасці». Таму небяспека заключаецца ў прыняцці паставы ментальнага рэлятывізму.

Іерарх, аднак, цалкам не асуджае сучасныя сродкі масавай інфармацыі. Арцыбіскуп нагадвае, што яны забяспечваюць перадачу інфармацыі і хуткую сувязь. Тым не менш, шкоду можа прыносіць злоўжыванне СМІ і сітуацыя, калі чалавек трапляе пад іх уздзеянне.

Старшыня ватыканскага ведамства заклікае быць пільнымі і «не „спажываць“ стэрэатыпы і банальнасці, не ставячы сабе пытанняў... Таму што сродкі масавай інфармацыі гавораць нам усё пра моду і спосабы жыцця, аднак яны нічога не ведаюць на тэму канчатковай мэты чалавечай экзістэнцыі, пра неспакой унутраных пошукаў, пра радыкальныя пытанні адносна таго, што ёсць вышэй за нас, а таксама на тэму адносінаў іншага чалавека да нас і нашага светапогляду».

Паводле матэрыялаў інфармацыйных агенцтваў

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.