Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Бэнэдыкт XVI: Божая міласэрнасць — крыніца навяртання
Святы Айцец
26.02.2009 19:46
«Заклік да навяртання з’яўляецца дамінуючай тэмай ва ўсёй літургіі Папяльцовай серады», — адзначыў Святы Айцец Бэнэдыкт XVI у рымскай базыліцы Святой Сабіны на Авенціне 25 лютага 2009 г. Святой Імшы папярэднічала пакутная працэсія, якую ўзначаліў Пантыфік.

У сваёй гаміліі Святы Айцец указаў на святога Паўла, які з’яўляецца прыкладам навяртання і перамены жыцця, што здзейснілася дзякуючы Божай міласэрнасці.

«„Некалі, — вызнае сам Апостал Павел, — я быў блюзнерцам, ганіцелем і паклёпнікам. Аднак я заслужыў міласэрнасці. І празмерна шчодраю аказалася ласка нашага Пана“, — казаў Бэнэдыкт XVI. — Усе яго прароцтвы, уся яго місійная дзейнасць грунтавалася на ўнутраным імпульсе, які паходзіў з фундаментальнага спазнання „ласкі“. „Праз Божую ласку я з’яўляюся тым, хто я ёсць“, — напісаў ён у Пасланні да Карынцянаў».

На прыкладзе Апостала Народаў Пантыфік падкрэсліў неабходнасць свядомага адкрыцця сябе на Божую міласэрнасць. Чалавек, які спазнаў яе, павінен прагнуць жыць у ласцы, не вяртацца да ўжо адкінутых аднойчы грахоў. У якасці дапамогі ў духоўнай барацьбе дабра са злом Святы Айцец прапануе тры сродкі: малітву, міласціну і пост. Як падкрэсліў Пантыфік, каб жыць новым жыццём, чалавек павінен карміцца са стала Божага слова.

«Пасыпаючы галаву попелам на знак навяртання і пакаяння, адкрыем сэрцы на жыватворнае дзеянне Божага слова, — заклікаў Бэнэдыкт XVI. — Няхай Вялікі пост, які характарызуецца больш частым слуханнем гэтага слова, больш інтэнсіўнаю малітвай, стрыманым і пакаянным стылем жыцця, пабудзіць нас да навяртання і шчырай любові да бліжніх, асабліва да самых бедных і патрабуючых».

Паводле матэрыялаў Ватыканскага радыё

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.