Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Велікапосныя рэкалекцыі ў Ватыкане
Святы Айцец
02.03.2009 20:44
Вячэрнімі Нешпарамі ў ватыканскай капліцы Redemptoris Mater («Маці Адкупіцеля») распачаліся 1 сакавіка 2009 г. штогадовыя велікапосныя рэкалекцыі для Рымскай Курыі. Разважанні падчас тыднёвых рэкалекцый будзе праводзіць кардынал Фрэнсіс Арынзэ.

Старшыня Кангрэгацыі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў на пенсіі будзе прамаўляць на тэму «Святар сустракае Езуса і наследуе Яго». Удзельнікам велікапосных рэкалекцый — святарам, біскупам і кардыналам — рэкалекцыяніст прапануе паразважаць над наступнымі тэмамі: «Святар наследуе Езуса, каб сустрэць Бога, якому належыць першае месца ў нашым жыцці» (першы дзень), «Святар верыць у Езуса, прысутнага ў Эўхарыстыі і ў Святым Пісанні» (другі дзень), «Святар верыць у Езуса ў Касцёле, сустракае Яго ў Касцёле — як у супольнасці, так і ў місіі» (трэці дзень), «Святар сустракае Езуса на малітве: прыватнай, супольнай, літургічнай» (чацвёрты дзень), «Святар сустракае Езуса, які спачувае хворым і тым, хто прагне праўды» (пяты дзень).

«У разважаннях (...) будзе прысутнічаць сталая спроба роздуму пра наследаванне Хрыста: не толькі, каб сустрэць Яго, але каб штодзённа крочыць за Ім, — адзначыў кардынал Фрэнсіс. — Езус не абяцае нам экскурсіі, але прапануе жыццё, якое мае сэнс. Не будзем ганяцца за пустымі рэчамі: мы ведаем Езуса, якога наследуем. Такім чынам, аглядаючыся, у нас няма пачуцця, што мы губляем час, але можам штодзённа аднаўляцца і ніколі не перастанем Яго наследаваць».

Па словах рэкалекцыяніста, разважанні будуць суправаджацца канкрэтнымі прыкладамі з жыцця святара: «Чым больш гаворыцца пра перажыты вопыт, тым больш аўтэнтычным з’яўляецца сведчанне».

«Усё нашае жыццё павінна быць для Бога. Аднак па той прычыне, што мы з’яўляемся людзьмі, мы паддаёмся рассеянасці. Таму добра, як паказвае і гісторыя Касцёла, што перыядычна мы прысвячаем Богу асаблівыя хвіліны, нават калі ўсё нашае жыццё належыць Яму», — падкрэсліў кардынал Фрэнсіс Арынзэ, кажучы пра вялікае значэнне рэкалекцый для духавенства.

Паводле матэрыялаў інфармацыйных агенцтваў

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.