Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Апублікавана Пасланне Святога Айца на 24-ы Сусветны дзень моладзі
Святы Айцец
06.03.2009 21:05

«Сапраўдны хрысціянін ніколі не сумуе, нават калі павінен супрацьстаяць розным праблемам. Прысутнасць Хрыста — вось сакрэт радасці і супакою», — такімі словамі Бэнэдыкт XVI звяртаецца да маладых людзей у Пасланні на 24-ы Сусветны дзень моладзі.

У 2009 г. Сусветны дзень моладзі адбудзецца ў Вербную нядзелю 5 красавіка. Яго тэмай стануць словы з Першага паслання да Цімафея: «Надзея наша — у Богу жывым » (пар. 1 Цім 4, 10).

Менавіта надзея з’яўляецца галоўным матывам Папскага паслання. Святы Айцец заўважае, што «маладосць — гэта час надзеі, калі на будучыню глядзіш у перспектыве асноўных пытанняў і звязаных з імі спадзяванняў».

Святы Айцец заахвочвае маладых людзей да асабістай і супольнай малітвы. Дапамогай у сустрэчы маладога чалавека з Езусам могуць стаць касцёльныя групы і рухі, а таксама святыя сакрамэнты, асабліва — Эўхарыстыя.

Сам Бог узмацняе чалавека і дае сілу дзяліцца верай з іншымі. «Рабіце выбары згодна з вашай верай, пакажыце, што разумееце небяспеку ідалапаклонства, калі ідалам становяцца грошы, матэрыяльны дабрабыт, кар’ера і поспех», — гаворыцца ў Пасланні.

«Не ідзіце за логікай эгаістычнага інтарэсу. Кіруйцеся любоўю да бліжняга. Выкарыстоўваючы прафесійныя здольнасці, старайцеся прымаць актыўны ўдзел у служэнні супольнаму дабру і праўдзе», — заахвочвае Бэнэдыкт XVI.

Дыяцэзіяльны этап святкавання СДМ з’яўляецца падрыхтоўчым этапам да чарговай сусветнай сустрэчы моладзі, якая адбудзецца ў жніўні 2011 г. у Мадрыдзе (Іспанія) пад дэвізам «Укаранёныя і збудаваныя ў Хрысце, умацаваныя вераю» (пар. Клс 2, 7).

У будучым жа годзе моладзь падчас сустрэчаў у сваіх дыяцэзіях паразважае над пытаннем з Евангелля паводле святога Марка: «Настаўнік добры, што мне зрабіць, каб атрымаць у спадчыну жыццё вечнае?» (пар. Мк 10, 17).

Паводле матэрыялаў інфармацыйных агенцтваў

 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.