Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Бэнэдыкт XVI пра святога Баніфацыя — «апостала Германіі»
Святы Айцец
12.03.2009 15:43
Постаць св. Баніфацыя — біскупа і мучаніка, «апостала Германіі», — была тэмаю катэхезы Святога Айца Бэнэдыкта XVI падчас агульнай аўдыенцыі 11 сакавіка 2009 г. у Ватыкане. Папа заклікаў вернікаў да аднаўлення веры праз паглыбленне сувязі са Святым Пісаннем і адзінства з наступнікам Пятра, каб Касцёл быў у стане перадаць сучаснаму свету каштоўнасць Евангелля.

Святы Баніфацый жыў на мяжы VII і VIII стагоддзяў, вёў апостальскую дзейнасць у Англіі, Германіі і Францыі. 5 чэрвеня 754 г. падчас аднаго з місіянерскіх падарожжаў на тэрыторыі Нідэрландаў Баніфацый разам з 52 паплечнікамі быў забіты язычнікамі.

«Які запавет сёння, праз вякі, мы можам адкрыць у вучэнні і незвычайнай дзейнасці гэтага вялікага місіянера і мучаніка? Першаю праўдай (...) з’яўляецца цэнтральнае месца Божага слова, (...) якім ён жыў, якое абвяшчаў і пра якое сведчыў ажно да найвышэйшага свайго дару — мучаніцтва», — адзначыў Пантыфік.

«Заўсёды вялікае ўражанне аказвае на мяне яго руплівы запал Евангеллем. У саракагадовым узросце ён пакідае прыгожае і плённае манаскае жыццё, жыццё законніка і прафесара, каб абвяшчаць Евангелле простым людзям, варварам. Маючы семдзесят гадоў, ён яшчэ раз накіроўваецца туды, дзе, як ён прадбачыць, загіне мучаніцкай смерцю. Параўноўваючы яго шчырую веру, тую руплівасць у абвяшчэнні Евангелля з нашаю верай, часта ледзь цёплай і „абюракрачанай“, мы бачым, што нам неабходна рабіць і як мы можам аднавіць нашу веру, каб быць у стане перадаць у дар нашаму часу каштоўную пярліну Евангелля», — сказаў Бэнэдыкт XVI на заканчэнне катэхезы.

Паводле матэрыялаў Ватыканскага радыё

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.