Ліст Бэнэдыкта XVI адносна справы лефэўрыстаў |
Святы Айцец
|
13.03.2009 17:02 |
Святы Айцец Бэнэдыкт XVI узрушаны і занепакоены рэакцыямі, якія выклікала ў Касцёле яго рашэнне зняць экскамуніку з чатырох біскупаў «Брацтва імя св. Пія Х», якія ў 1988 г. атрымалі біскупскую сакру без згоды Апостальскай Сталіцы. Пра гэта Папа піша ў спецыяльным лісце да «братоў біскупаў», які быў абнародаваны 12 сакавіка 2009 г. у Ватыкане.
«Удзяленне біскупскіх пасвячэнняў без папскага мандата нараджае пагрозу схізмы, бо аспрэчвае адзінства калегіі біскупаў з Папам. Па гэтай прычыне рэакцыяй Касцёла павінна стаць самая суровая кара — экскамуніка, каб такім чынам схіліць пакараных асобаў да скрухі і вяртання да адзінства. На жаль, праз дваццаць гадоў пасля ўдзялення сакры гэтай мэты дасягнуць не ўдалося. Зняцце экскамунікі імкнецца да той жа мэты, што і пакаранне ёю: паўторнае заахвочванне чатырох біскупаў да вяртання. Гэты жэст стаў магчымым у тую хвіліну, калі зацікаўленыя выказалі прызнанне Папы і яго пастырскай улады, хоць і з агаворкамі адносна паслухмянасці дактрынальнай уладзе Папы і Сабора», — растлумачыў сваё рашэнне Бэнэдыкт XVI.
У часы Папы Пія Х (1903–1914 гг.), калі была створана сакрэтная арганізацыя «Таварыства св. Пія V», якая змагалася з усялякімі праявамі мадэрнізму, у самастойны рух аформіўся так званы інтэгрызм. Інтэгрызм (ад лац. integer — некрануты, цэласны, чысты) — гэта плынь, якая ўвасабляе інтарэсы найбольш кансерватыўных колаў у Касцёле, выступае супраць дастасавання да сучасных умоваў і супраць свецкага характару культуры, абгрунтоўваючы гэта імкненнем захаваць інтэгральнасць (паўнату, цэласнасць і чысціню) веравучэння. Дзейнасць гэтай арганізацыі ажыццяўлялася з дазволу Святога Пасаду і знаходзілася пад яго кантролем.
Пасля ІІ Ватыканскага Сабора сітуацыя змянілася, бо на чале інтэгрыстаў стаў французскі арцыбіскуп Марсэль Лефэўр, які пачаў рэзка крытыкаваць аднаўленне Касцёла. Ён выступаў супраць выпрацаванага Саборам падыходу да пытанняў рэлігійнай свабоды, супраць экуменічнага дыялогу і правядзення набажэнстваў на нацыянальных мовах. Сваю пазіцыю ў 70-я гг. Лефэўр каротка сфармуляваў так: «Будучыня Каталіцкага Касцёла ў яго мінулым». Заснаванае ім «Брацтва імя св. Пія Х» (т. зв. лефэўрысты) стала ў адкрытую апазіцыю ў адносінах да Ватыкана і афіцыйнага Касцёла, а яго дзейнасць ад пачатку была скіравана на раскол.
Святы Пасад неаднаразова заклікаў інтэгрыстаў да падпарадкавання касцёльнай дысцыпліне і ў асобных пытаннях нават пайшоў ім насустрач, але не зважаючы на гэта, у 1987 г. Лефэўр без дазволу Рымскай Курыі пасвяціў у біскупы чатырох святароў. У адказ на гэта ён разам са сваімі прыхільнікамі быў адлучаны ад Касцёла. Тады ж з’явіўся Апостальскі ліст «Ecclesia Dei», у якім Папа Ян Павел ІІ недвухсэнсоўна сказаў, што дзверы Касцёла заўсёды адчынены для інтэгрыстаў. Была створана спецыяльная камісія, у выніку дзейнасці якой паўстала т. зв. «Брацтва св. Пятра», куды ўвайшлі інтэгрысты, якія пажадалі вярнуцца ў Касцёл.
|