Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Бэнэдыкт XVI абвясціў Год святарства
Святы Айцец
17.03.2009 19:15
19 чэрвеня 2009 г., ва ўрачыстасць Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса, Святы Айцец Бэнэдыкт XVI узначаліць урачыстую інаўгурацыю Года святарства, які абвешчаны з нагоды святкавання 150-годдзя з дня смерці апекуна пробашчаў св. Яна Марыі Віянэя. Пра гэта Папа паінфармаваў удзельнікаў Пленарнага пасяджэння Кангрэгацыі па справах Духавенства.

«Місійнае вымярэнне святара вынікае з яго сакрамэнтальнага прыпадабнення да Хрыста як Галавы Касцёла, — казаў Бэнэдыкт XVI. — У выніку яно звязана са шчырым, поўным прыняццем таго, што касцёльная традыцыя акрэслівае як апостальскую форму жыцця. Яна заключаецца ў „новым жыцці“ ў духоўным разуменні, у „новым стылі жыцця“, узор якога даў Пан Езус і які быў прыняты апосталамі. Хоць сакрамэнты дзейнічаюць плённа, нягледзячы на экзістэнцыяльную сітуацыю дадзенага святара, патрэбна і нават неабходна імкненне да маральнай дасканаласці, якое павінна прысутнічаць у кожным святарскім сэрцы. Менавіта дзеля таго, каб спрыяць гэтаму імкненню святароў да духоўнай дасканаласці, ад якой перш за ўсё залежыць плённасць іх служэння, я прыняў рашэнне абвясціць спецыяльны „Год святарства“».

Тэма Года святарства: «Вернасць Хрыста — вернасць святара». Падчас інаўгурацыі Года ў Рым будуць прывезены рэліквіі св. Яна Марыі Віянэя. Год святарства завершыцца 19 чэрвеня 2010 г. Сусветнай сустрэчай святароў на плошчы Святога Пятра.

Падчас Года святарства Бэнэдыкт XVI абвесціць св. Яна Марыю Віянэя апекуном усіх святароў свету. Будзе апублікавана дырэктыва для спаведнікаў і духоўных кіраўнікоў, а таксама зборнік прамоваў Святога Айца пра жыццё і місію святара ў сучасным свеце.

Каардынатарам мерапрыемстваў, прымеркаваных да святкавання Года святарства, прызначана Кангрэгацыя па справах Духавенства.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.